Logo Polskiego Radia
Print

БНК выказвае пратэст супраць арышту Ўладзіміра Някляева

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 17.09.2017 08:15
Беларускі нацыянальны кангрэс: Улада ў чарговы раз паказала, што баіцца свайго народа.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain


Беларускі нацыянальны кангрэс (афіцыйна не зарэгістраваны ў Беларусі) выказвае пратэст з нагоды арышту палітыка й паэта Ўладзіміра Някляева.

Падставай для арышту стаў удзел Някляева 8 верасьня ў акцыі папярэджаньня супраць ваенных вучэньняў „Захад-2017”. Пасьля акцыі папярэджаньня былі прадстаўленыя пляны БНК правесьці 21 кастрычніка „Марш абураных беларусаў 2.0”.

„Рэжым запанікаваў і аднавіў рэпрэсіі супраць патрыятычных лідараў. Улада ў чарговы раз паказала, што баіцца свайго народа больш, чым страты незалежнасьці й варожай акупацыі”, — гаворыцца заяве рады БНК на сайце арганізацыі.

Рада БНК патрабуе „неадкладнага вызваленьня” Уладзіміра Някляева й „спыненьня рэпрэсій супраць патрыётаў”. „Мы зьвяртаемся да беларускага грамадзтва з заклікам да салідарнасьці й заяўляем пра сваю рашучасьць годна й моцна правесьці „Марш абураных беларусаў”, — гаворыцца ў дакумэнце.

Сілавыя структуры, лічаць у БНК, „эфэктыўныя толькі супраць уласнага народа, і не ў стане супрацьстаяць пагрозе незалежнасьці з боку расейскіх войскаў”.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт