18 гадоў таму зьніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
16.09.2017 18:57
Прадстаўнікі апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная грамадзкасьць лічаць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя па палітычных матывах.
Віктар Ганчар (зьлева) і Анатоль Красоўскіфота: naviny.by
Васямнаццаць гадоў таму ў Менску пры нявысьветленых абставінах зьніклі або былі выкрадзеныя апазыцыйны палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.
Увечары 16 верасьня 1999 года Ганчар, які першапачаткова быў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі й дапамог яму прыйсьці да ўлады, а затым сышоў у апазыцыю, і яго сябар Красоўскі прыехалі ў лазьню, разьмешчаную ў Менску на вуліцы Фабрычнай, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22.35, калі абодва выйшлі з будынку й селі ў „Джып-Чэрокі” Красоўскага.
Крымінальную справу па факце зьнікненьня Ганчара й Красоўскага распачала пракуратура Менска. Паводле зьвестак сьледзтва, пры аглядзе прылеглай тэрыторыі былі знойдзеныя асколкі плястмасавых рассейвальнікаў сьвятлосыгнальных прыбораў аўтамабіля, сьляды тармажэньня аўтамашыны й яе ўдару аб дрэва, а таксама сьляды крыві. Вынікі генатыпаскапічнай экспэртызы паказалі, што паходжаньне знойдзеных на месцы здарэньня сьлядоў крыві ад Красоўскага выключаецца, а ступень дакладнасьці высноваў аб паходжаньні плям крыві ад Ганчара складае 99,6%.
Аналіз сабраных па справе доказаў, у тым ліку паказаньняў сьведкаў, дае падставу меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзеныя невядомымі асобамі. Прадстаўнікі апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная грамадзкасьць лічаць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя па палітычных матывах, і падазраюць у датычнасьці да гэтага злачынства вышэйшых службовых асобаў краіны.
белапан/вс