Справа з бойкай у варшаўскім клюбе MAKULATURA, у якой пацярпелі пяцёра маладых беларусаў, атрымала працяг. Справа супраць маладых людзей накіраваная ў суд, а клюб, які, па іх словах, абяцаў вырашыць канфлікт мірна й кампэнсаваць маладзёнам страты, не выканаў свайго абяцаньня. Беларусам пагражае сур’ёзны штраф і аплата судовых выдаткаў. З акалічнасьцямі справы разьбіраўся Аляксандар Папко.
25 сакавіка гэтага году ў Варшаўскім клюбе MAKULATURA павінен быў адбыцца канцэрт беларускага гурту «Дай дарогу!», прымеркаваны да Дня Волі. Аднак канцэрт быў сарваны ў выніку бойкі паміж аховай клюбу й наведвальнікамі.
Як паведамлялі ўдзельнікі інцыдэнту, ахоўнікі ў грубай форме паспрабавала выштурхнуць з клюбу студэнта Данілу Барысевіча, які ўвайшоў у залю з набытай па-за клюбам бутэлькай піва. Калі сябры Данілы ўступіліся за хлопца, ахоўнікі зьбілі іх і распылілі ў памяшканьні пярцовы газ.
Ахоўнікі выклікалі паліцыю, якая, не разьбіраючыся, адразу склала на пецярых маладых беларусаў пратаколы аб парушэньні грамадзкага парадку. Паколькі маладыя людзі не прызналі сваёй віны й адмовіліся аплаціць штраф на месцы, справу, згодна з працэдурай, павіныя былі накіраваць у суд.
Адміністрацыйная справа ўжо знаходзіцца ў судзе, але дата яе разгляду пакуль не вядомая – даведаўся Даніла Барысевіч на днях. Шанцы на тое, каб выйграць працэс, яго калегі ацэньваюць даволі скептычна. Маладым беларусам пагражае штраф памерам ад 50 злотых (12 эўра) да 50 тысячаў. Акрамя таго, у выпадку пройгрышу, яны павінныя будуць аплаціць судовыя выдаткі – кажа пацярпелы ад дзеяньняў ахоўнікаў Антон Пракацень.
Антон Пракацень. Фота з сацсеткі Facebook
Антон Пракацень: Юрысты кажуць, што такія справы ідуць проста канвэерам. Адзінае, што можа сыграць на нашую карысьць – гэта тое, што ў нас у крыві ўвогуле не было алькаголю, і гэта пацьверджана экспэртызай. Я не п’ю, і хачу, каб гэта ўзялі пад увагу.
Антон перакананы, што прычыны агрэсіўных паводзінаў аховы крыюцца ў ксэнафобіі. Падчас бойкі нехта з ахоўнікаў выкрыкнуў да сяброўкі Антона Натальлі Лантух «białoruska szmata» (у вольным перакладзе – «беларуская прастытутка»). На ахоўнікаў клюбу MAKULATURA замежнікі скардзяцца ня першы раз – кажа Антон Пракацень.
Антон Пракацень: Я лічу, што гэта быў расізм. Калі я расказаў гэтую гісторыю сваім калегам па працы, якія зьяўляюцца туркамі, то яны адказалі, што мелі падобны выпадак дакладна ў гэтым клюбе. Да іх прычапіліся, бо яны мелі цёмны колер скуры.
Маладыя людзі абураныя паводзінамі ня толькі аховы, але і адміністрацыі клюбу MAKULATURA. Як паведаміў Даніла Барысевіч, мэнэджэр клюбу адразу пасьля інцыдэнту пісьмова заверыў паліцыю, што прэтэнзіяў да маладых людзей ня мае. Самім беларусам ён паабяцаў пакрыць выдаткі, зьвязаныя з мэдэкспэртызай і нават аплаціць магчымы штраф. Была нават складзеная адпаведная пісьмовая дамова, якую кіраўніцтва клюбу паабяцала падпісаць пасьля кансультацыі з юрыстамі. Але як толькі пра справу перастала пісаць прэса, мэнэджэр перастаў выходзіць на сувязь – кажа Даніла Барысевіч.
Даніла Барысевіч: Фота з сацсеткі Facebook
Даніла Барысевіч: Адміністрацыю клюбу цікавіла перадусім, каб справа не трапіла ў СМІ. Мы пайшлі ім насустрач, але папрасілі, каб яны кампэнсавалі нам выдаткі, зьвязаныя з судмедэкспэртызай, лячэньнем і штрафамі – калі яны будуць. Яны тлумачылі, што ня могуць прыпыніць адміністрацыйнай справы, але абяцалі ўсё кампэнсаваць. Мы выканалі сваё абяцаньне: не разгалошвалі справу ў польскіх СМІ, не зьвярталіся да арганізацыяў, які змагаюцца з ксэнафобіяй і расізмам. Адміністрацыя клюбу, у сваю чаргу, зарыентавалася, што розгалас сьціхае, і проста перастала выходзіць на сувязь.
За грубыя дзеяньні аховы адміністрацыя клюбу прабачэньняў пацярпелым так і не прынесла.
Каб абараніцца ў судзе, маладыя людзі вырашылі прыцягнуць да сваёй справы грамадзкую ўвагу. Яны зьвярнуліся ў Цэнтар маніторынгу праяваў расізму й ксэнафобіі. У інцыдэнце сапраўды можна ўбачыць прыкметы ксэнафобіі – кажа дырэктар цэнтру Конрад Дулкоўскі.
Конрад Дулкоўскі: На падставе той інфармацыі, якой я валодаю, з размоваў з удзельнікамі гэтага інцыдэнту я магу прыйсьці да высновы, што мы сапраўды назіраем праяву ксэнафобіі. Яна, на жаль характэрная для многіх групаў у Польшчы – у дадзеным выпадку для ахоўнікаў. Ахова клюбу была адразу нэгатыўна настроена ў стасунку да тых, хто не зьяўляецца палякам. У дадзеным выпадку ня мае значэньня, ці гэта беларусы, ці ўкраінцы, ці людзі з Блізкага Ўсходу, ці з Афрыкі. Яны для гэтых людзей зьяўляюцца проста «чужымі».
Даніла Барысевіч, Антон Пракацень і Натальля Лантух плянуюць падняць розгалас у польскіх СМІ. Датэлефанавацца да мэнэджэра клюбу MAKULATURA, каб пачуць аргумэнты іншага боку, Польскаму радыё пакуль не ўдалося.
Аляксандар Папко