Logo Polskiego Radia
Print

Польшча праводзіць агульнанацыянальныя літаратурныя чытаньні

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 02.09.2017 14:23
Мэта акцыі – папулярызаваць нацыянальную літаратурную спадчыну і заахвоціць суайчыньнікаў да чытаньня кніг.
wikimedia commons/public domain

У Польшчы ўжо ў шосты раз праходзяць агульнанацыянальныя літаратурныя чытаньні. У гэтым годзе жыхары больш як 2 тысячах гарадоў сумесна чытаюць вершаваную п’ёсу «Вясельле» клясыка польскай літаратуры, мастака, драматурга і паэта-мадэрніста пачатку XX стагодзьдзя Станіслава Выспяньскага.

У Варшаве «Нацыянальныя чытаньні» традыцыйна адкрывае прэзыдэнцкая пара – Анджэй і Агата Дуда. Мэта гэтай акцыі – папулярызаваць нацыянальную літаратурную спадчыну і заахвоціць суайчыньнікаў да чытаньня кніг.

«Вясельле» – гэта надзвычай важны твор для ўсіх палякаў, зазначыў міністар культуры Польшчы Пётр Гліньскі. «Выспяньскі расказаў у ім пра нашыя слабасьці, рознае стаўленьне да дзяржавы, ідэі незалежнасьці і нацыянальнай салідарнасьці. Гэта вялікі твор, які нагадвае нам пра супольны абавязак перад Бацькаўшчынай», – паведаміў Пётр Гліньскі.

Акцыя «Нацыянальныя чытаньні» была ўпершыню праведзеная ў 2012 годзе. Тады тагачасны прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі чытаў урыўкі з «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча. У мінулым годзе палякі чыталі «Quo vadis» Генрыка Сянкевіча.

Арганізатарамі акцыі зьяўляюцца Канцылярыя прэзыдэнта Польшчы, Міністэрства культуры й Нацыянальны цэнтар культуры.

IAR/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт