78 гадоў таму пачалася найбольш крывавая вайна ў гісторыі чалавецтва. 1 верасьня 1939 году нападзеньнем гітлераўскай Нямеччыны на Польшчу пачалася Другая сусьветная вайна. Польскія дыпляматы да апошніх хвілін змагаліся за тое, каб захаваць мір.
Нагадаем, каб апраўдаць пачатак вайны Гітлер высунуў Польшчы два ўльтыматумы. Па-першае, Бэрлін патрабаваў, каб Гданьск (нямецкая назва Данцыг), які тады меў статус Вольнага гораду, перайшоў пад юрысдыкцыю Трэцяга Рэйху. Па-другое, Нямеччына запатрабавала ў Варшавы даць згоду на будаўніцтва па тэрыторыі Польшчы экстэрытарыяльнай трасы з Бэрліна ва Ўсходнюю Прусію, у Кёнігсбэрг. Зразумела, Польшча не магла на гэта згадзіцца.
Пасольства Польшчы ў Бэрліне, 1936 год
На тое, каб хоць нейкім чынам залагодзіць сытуацыю й адкласьці пачатак вайны, былі кінутыя ўсе дыпляматычныя сілы маладой польскай дзяржавы. Чаму ўсяго толькі адкласьці пачатак вайны? Таму што ў Польшчы ўсе разумелі, што пачатак вайны – гэта толькі пытаньне часу, а Гданьск ды экстэрытарыяльны калідор – гэта свайго роду прэтэксты Бэрліна. Нават калі б Варшава й згадзілася на патрабаваньне немцаў, то гітлераўскі рэжым прыдумаў бы іншыя прычыны, каб пачаць вайну.
Сталовая заля ў пасольстве Польшчы ў Трэцім Рэйху, 1936 год
Амбасадарам Польшчы ў Бэрліне ў той гарачы час быў Юзэф Ліпскі. Пазьней, ужо пасьля вайны, у эміграцыі былі выдадзеныя яго ўспаміны.
Амбасадары саюзьніцкіх дзяржаў, акрэдытаваныя ў Нямеччыне (зьлева направа): Францыі - Андрэ Франсуа-Пансэ, Польшчы - Юзэф Ліпскі, Вялікабрытаніі - Нэвіл Хэндэрсан, 1938 год
“Ноччу 29 жніўня 1939 году пазваніў тэлефон. Тэлефанаваў брытанскі пасол. У яго быў нэрвовы голас, ён папрасіў мяне хутка прыехаць у пасольства Вялікабрытаніі. Калі я прыехаў, ён распавёў, што гадзіну таму размаўляў з Рыбэнтропам”, - успамінаў амбасадар Ліпскі.
Размова Хэндэрсана й Рыбэнтропа тычылася Польшчы. Калі казаць дакладней, то брытанскі дыплямат стараўся паўплываць на Ёахіма Рыбэнтропа й адвесьці Бэрлін ад спробы ціску на Польшчу. Зразумела, гэта яму не ўдалося.
Варта нагадаць, што 25 жніўня 1939 году Польшча й Вялікабрытанія падпісалі саюзьніцкае пагадненьне, якое мела быць для Польшчы свайго роду гарантыяй захаваньня міру. Дакумэнт быў замацаваны подпісамі ў адказ на Пакт Рыбэнтропа-Молатава. Як аказалася пазьней, брытанска-польскі дакумэнт ня выратаваў Польшчы ад агрэсіі.
І тут таксама варта нагадаць іншы гістарычны факт: менавіта амбасадар Нэвіл Хэндэрсан 3 верасьня 1939 году перадаў ураду Трэцяга Рэйху ўльтыматум, у якім запатрабаваў вываду нямецкіх войск з тэрыторыі Польшчы да 11-й гадзіны ў той жа самы дзень. Пасьля таго, як Бэрлін адхіліў ультыматум, Вялікабрытанія аб’явіла Нямеччыне вайну.
Такім чынам, дыпляматычныя высілкі не прынесьлі вынікаў, і таму 1-га верасьня жыхары Польшчы пачулі наступную заяву на Польскім радыё:
Польскае радыё, дыктар 1: Алё, алё! Гэта Варшава і ўсе радыёстанцыі Польскага радыё. Сёньня раніцою а 5:40 нямецкія падразьдзяленьні перайшлі польскую мяжу, парушыўшы пакт аб неагрэсіі. Шэраг гарадоў былі збамбардаваныя. Неўзабаве вы пачуеце спэцыяльную заяву.
Польскае радыё, дыктар 2: Такім чынам, вайна. Зь сёньняшняга дня ўсе справы й пытаньні перасоўваюцца на далейшы плян. Усё нашае жыцьцё, грамадзкае й прыватнае, неабходна пераставіць на іншыя рэйкі. Нас прымусілі да вайны. Цэлы высілак народу трэба накіраваць у адзін бок: цяпер мы ўсе – салдаты, і мы павінны думаць толькі пра адно – барацьбу ажно да перамогі!
Пасьля вайны Юзэф Ліпскі напісаў: “Мы чакалі вайны ў кожны момант, мы жылі ў рэаліях вялікай нямецкай геапалітычнай гульні, мэтай якой было скінуць на нас адказнасьць за пачатак вайны”.
Валеры Саўко
фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe
на відэа: вучэньні Войска Польскага ў 1939 годзе