Logo Polskiego Radia
Print

Беларускі дом дапаможа зрабіць від на жыхарства й адкрыць бізнэс у Польшчы

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 18.08.2017 20:33
  • Беларускі дом у Варшаве дапаможа зрабіць від на жыхарства й адкрыць бізнэс у Польшчы.mp3
Зьявілася ўстанова, куды кожны прыежджы можа зьвярнуцца й атрымаць любую інфармацыю, неабходную для жыцьця ў Польшчы.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Атрымаць від на жыхарства, прапісацца, запісаць дзіця ў садочак ці школу, абмяняць пратэрмінаваны пашпарт, знайсьці працу, вывучыць польскую мову ці знайсьці жытло – усё гэта дапамогуць зрабіць супрацоўнікі Беларускага дому ў Варшаве. Вядомы цэнтар беларускага культурнага жыцьця запусьціў праект «Беларускі дом. Кансулят» – аказаньне бясплатнай прававой дапамогі беларусам і грамадзянам іншых краінаў, якія прыехалі ў Польшчу. Якія паслугі цяпер можна атрымаць у Беларускім доме ў Варшаве, расказвае Аляксандар Папко.

Ідэя «Кансуляту» (у перакладзе з польскай мовы konsulat – гэта «консульства») простая. Супрацоўнікі «Беларускага дому» стварылі ўстанову, куды кожны чалавек, які прыехаў у Польшчу, можа зьвярнуцца й атрымаць абсалютна любую інфармацыю, неабходную для жыцьця ў новай краіне. Пра гэта расказвае адзін з кіраўнікоў Беларускага дому ў Варшаве Ўлад Кобец.

/

Улад Кобец: Мы хочам, каб беларусы, прыехаўшы ў Польшчу, не шукалі, у якую ўстанову зьвярнуцца са сваімі праблемамі й пытаньнямі. Яны павінны ведаць, што ёсьць Беларускі дом, у якім яны заўсёды змогуць атрымаць першапачатковую кансультацыю. Мы пракансультуем па кожным пытаньні, кожнай пэрсанальнай праблеме. Чалавек атрымае падрабязную інструкцыю з апісаньнем крокаў, якія ён павінен зрабіць і сьпісам польскіх дзяржаўных установаў, у якія ён павінен зьвярнуцца.

Ужо працуе гарачая лінія Беларускага дому, якой скарысталіся некалькі дзесяткаў чалавек. Нумар тэлефону можна знайсьці на сайце Беларускага дому ў Варшаве, альбо на старонцы Белдому ў Фэйсбуку.

Пытаньні, зь якімі зьвяртаюцца на гарачую лінію – вельмі розныя. Супрацоўнікі «Кансуляту» тлумачаць, як набыць праязны білет, дапамагаюць вырашыць праблемы з уласьнікам кватэры, які не вяртае залог, могуць аказаць дапамогу тым, хто стаў ахвярай злодзеяў ці патрапіў у дарожна-транспартнае здарэньне.

Улад Кобец: Пачынаем ад самых простых пытаньняў: «Як зьняць жытло?» «Што такое Karta miejska (праяздны на гарадзкі транспарт – А.П.)?» «Што такое meldunek (прапіска– А.П.)?» Мы дапамагаем вывучыць мову. Ад кастрычніка ў нас пачынаюць працаваць бясплатныя курсы польскай мовы. Таксама беларусы й іх дзеці змогуць абсалютна бясплатна вучыць беларускую мову. Ніводнае пытаньне ня будзе пакінутае без адказу, нават самае складанае: праблемы з суседзямі па кватэры, праблемы з уласьнікамі жытла, іншыя нестандартныя праблемы.

Стваральнікі «Кансуляту» самі некалі прыехалі ў Польшчу й вымушаныя былі прыстасоўвацца да рэаліяў новай краіны. Яны праходзілі працэдуру легалізацыі, шукалі працу, вырашалі праблемы з мэдыцынскім абслугоўваньнем, вучобай, перакладалі беларускія дакумэнты. Самыя лепшыя практычныя парады новым мігрантам могуць даць мігранты дасьведчаныя, якія ўжо «набілі шышак» – кажа адна з са стваральнікаў «Кансуляту» прадпрымальніца Натальля Дрыленка.

/

Натальля Дрыленка: Як аддаць дзіця ў садок? Як запісаць яго ў школу? Як паступіць ва ўнівэрсытэт? Нам прыходзілася вырашаць гэтыя пытаньні. Галоўная праблема, зь якой сутыкаецца замежнік – гэта адсутнасьць інфармацыі альбо інфармацыя, якая прайшла праз «сапсаваны тэлефон». Чалавек вымушаны рабіць усё навобмацак. Цяпер жа людзі будуць прыходзіць да нас, а мы будзем даваць ім самую істотную й самую карысную інфармацыю.

У штаце Беларускага дому ў Варшаве ёсьць бугальтар і юрыст. Калі праблема выходзіць за іх кампэтэнцыі – супрацоўнікі «Кансуляту» дапамогуць зьвязацца з іншымі спэцыялістамі: прафэсійнымі перакладчыкамі, настаўнікамі, экспэртамі ў той ці іншай галіне права – кажа Натальля Дрыленка.

На прэзэнтацыю «Кансуляту» прыйшлі каля дваццаці чалавек. Пытаньні з залі не прымусілі доўга чакаць. Госьці пачалі цікавіцца, як зрабіць настрыфікацыю (працэдуру прызнаньня замежнага дакумэнту), дзе знайсьці бугальтара для малой фірмы, як запісаць дзіця ў школу й дапамагчы яму хутчэй вывучыць польскую мову й нават як атрымаць статус палітуцекача.

/

Беларускі дом аказвае кансультацыйны паслугі ня толькі беларусам, але й любым замежнікам, які прыехалі ў Польшчу. Адным з гасьцей прэзэнтацыі праекту «Кансулят» стаў студэнт з Украіны Руслан.

Руслан: У мяне ўзьніклі пытаньні наконт віду на жыхарства. Адны польскія чыноўнікі кажуць адно, а іншыя – другое. А тут мне расказалі, як працэдура выглядае на практыцы. Я ўдзячны супрацоўнікам Беларускага дому. Я ўкраінец, мне ўсё адно, да каго зьвяртацца – самае галоўнае, каб дапамаглі.

Парады, якія даюць дасьведчаныя беларусы, дапамогуць навічкам зэканоміць час і грошы – кажа іншы госьць прэзэнтацыі Аляксандар.

Аляксандар: Я даведаўся, што зьявілася гарачая лінія, на якую любы чалавек можа патэлефанаваць. Гэта вельмі карысная рэч. Увогуле ўся ініцыятыва карысная. Я некаторы час працаваў у фірме, якая давала кансультацыі па легалізацыі. Паверце, у Беларускім доме такія парады каштуюць у разы таньней!

Кансультацыі па атрыманьні юрыдычнага статусу – гэта не адзіны новы праект, які пачынае Беларускі дом. Яго супрацоўнікі будуць дапамагаць беларусам адчыняць свае фірмы й дабівацца посьпеху.

Неўзабаве ў Беларускім доме ў Варшаве адчыніцца каворкінг – бясплатны адкрыты офіс для пачынаючых прадпрымальнікаў і фрылянсэраў. Арганізатары абяцаюць смачную каву, бясплатны інтэрнэт і таварыства сяброў-беларусаў. Беларускі дом будзе праводзіць сустрэчы з пасьпяховымі беларусамі, арганізоўваць публічныя лекцыі на розныя тэмы. Таксама адчыняцца курсы польскай мовы й курсы беларускай мовы для дарослых і дзяцей.

«Эміграцыя – гэта не абавязкова пакуты й нэндза», – іранізуе мэдыяэкспэрт Аляксей Лявончык – адзін з аўтараў праекту бізнэс-кансультацыяў.

/

Аляксей Лявончык: Мы пачынаем працаваць са стартапамі, заахвочваць людзей, якія пераехалі, да праактыўнага стаўленьня да свайго жыцьця. Мы будзем запрашаць на сустрэчы людзей, якія пасьпяхова запусьцілі свой бізнэс. У абсалютна нефармальнай атмасфэры яны раскажуць, як пачаць бізнэс, дзе знайсьці інвэстыцыі, як увогуле тут стаць пасьпяховым.

У 2016-2017 гадах колькасьць беларусаў, якія прыехалі ў Польшчу ў пошуках працы й новага месца жыцьця, вырасла ў разы. Пра гэта сьведчаць як статыстыка польскіх міграцыйных службаў, так і бурны рост колькасьці ўдзельнікаў тэматычных форумаў ці «мігранцкіх» суполак у сацсетках. Таму Беларускі дом, які заўсёды быў прадстаўніцтвам беларускіх дэмакратаў і артыстаў, вырашыў пашырыць сваю дзейнасьць. Яго новая мэта – дапамагчы сотням беларусаў, якія прыяжджаюць у Польшчу, рэалізавацца ў новай краіне.

«Мы максымальна амартызуем шок ад сутыкненьня з новай рэчаіснасьцю ды паспрыяем адаптацыі й посьпеху на новым месцы», – заяўляюць супрацоўнікі Беларускага дому ў Варшаве.

/

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт