Logo Polskiego Radia
Print

На Нёмане можа зьявіцца новая гідраэлектрастанцыя

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 18.08.2017 11:40
Перамовы вядуцца з інвэстарамі са Славаччыны.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.pixabay.com/Public Domain/CC0

Беларускі ўрад плянуе пабудаваць гідраэлектрастанцыю на Нёмане. ГЭС будзе разьмешчана ў 5 кілямэтрах ад мяжы з Летувой – каля вёскі Плябанскае, непадалёк ад месца, дзе ў Нёман упадае Аўгустоўскі канал.

Новая электрастанцыя павінна атрымаць назву Нямноўская – ад іншай суседняй вёскі Нямнова. Яе магутнасьць складзе 20 мэгаватаў. Энэргія будзе пастаўляцца ў два раёны Гарадзенскай вобласьці.

Інфармацыйнае агенцтва БелаПАН паведамляе, што ўкласьці свае грошы ў будаўніцтва выказалі намер прадпрымальнікі са Славакіі. Праект, аднак, знаходзіцца толькі на стадыі абмеркаваньня.

Раней цікавасьць да пабудовы ГЭС выказвалі фірмы з Польшчы, Італіі й Турцыі, аднак знайсьці інвэстара не ўдалося. На думку інфармагенцтва, замежныя кампаніі былі незадаволеныя ўмовамі, якія ім прад’яўляў беларускі ўрад. Улады жадаюць, каб электрастанцыя была пабудаваная поўнасьцю за грошы інвэстараў. Ім плянуецца даць права выкарыстоўваць ГЭС на працягу 15 гадоў, каб вярнуць укладзеныя грошы, а затым электрастанцыя павінна быць перададзена ва ўласнасьць беларускай дзяржаве.

IAR/naviny.by/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт