У Варшаве ёсьць раён Воля, разьмешчаны ў заходняй частцы польскай сталіцы. У мінулым гэта быў прамысловы раён, актуальна ён прыняў характар тыповага гарадзкога раёну. У папярэдняй гістарычнай рубрыцы «Машына часу» мы апавядалі пра Варшаўскае паўстаньне супраць гітлераўскіх акупантаў. Збройны чын пачаўся 1 жніўня 1944 году й працягваўся больш за два месяцы. З Варшаўскім паўстаньнем непасрэдна зьвязаная іншая трагічная падзея, якая ўвайшла ў гісторыя пад назвай Вольская разьня.
Варшаўскае паўстаньне для вялікай часткі грамадзтва, у тым ліку й жыхароў Волі, было нечаканым. Аднак радасьць у першыя гадзіны была велізарнай і спантаннай. Людзі былі стомленыя ад тыраніі акупанта, цяпер чакалі хуткага канца кашмару, які працягваўся больш за пяць гадоў.
Нямецкія эскадроны сьмерці «пераліваліся» праз раён, «выразаючы» па дарозе ўсё жывое, разбураючы й палячы ўсю інфраструктуру.
Вольскую разьню гітлераўцы зьдзейсьнілі на нявінных людзях, выцягваючы з дамоў цэлыя сем'і. Сярод іх былі хворыя, дзеці, жанчыны й нават немаўляты.
Жыхары Варшавы ўцякаюць ад забойцаў/commons.wikimedia.org/Bundesarchiv/CC BY-SA 3.0 CC
Забівалі людзей дом па доме, вуліца па вуліцы ... Зьнішчэньне ажыцьцяўлялася на працягу некалькіх дзён, але пік злачынства прыйшоўся на 5 і 6 жніўня 1944 года. Пасьля зьдзяйсьненьня забойства спальваліся дамы. Было шмат выпадкаў, калі спальвалі людзей у дамах, не дазваляючы ім выйсьці.
Для часткі жыхароў быў заплянаваны іншы спосаб сьмерці – гітлераўцы стваралі зь іх «жывыя барыкады» й «жывыя шчыты» для абароны нямецкіх салдат, якія праводзілі атакі на паўстанцкія барыкады. А з 4 жніўня немцы ўвялі ў бой пікіруючыя бамбавікі, якія зьнішчалі Волю.
Людзі хаваліся ўсюды, тут - у касьцёле/commons.wikimedia.org/Bundesarchiv/CC BY-SA 3.0 CC
Паводле гісторыкаў, на Волі немцы забілі каля 50 тыс. чалавек. Гэта быў бясспрэчны акт генацыду на безабаронным цывільным насельніцтве.
Людзей расстрэльвалі, кідалі ў дамы гранаты, забівалі прыкладамі, давілі танкамі – гэта было сапраўднае пекла на зямлі. Былі зьнішчаныя ня толькі людзі ў жылых дамах, але й безабаронныя грамадзяне – пацыенты бальніц, вучні школ ды насельнікі манастыроў.
Гітлераўцы зь першых дзён паўстаньня ажыцьцяўлялі загад Гітлера й Гімлера: «кожнага жыхара трэба забіць, палонных ня браць». На Волі дырэктыва выконвалася з абсалютнай бязьлітаснасьцю.
Камандаваў Вольскай разьнёй СС-групэнфюрэр і генэрал-лейтэнант войск СС Хайнц Райнэфарт. Ён ніколі не адказаў за свае злачынствы й памёр сваёй сьмерцю ў Нямеччыне ў 1979 годзе. Больш за тое, пасьля вайны быў выбраны бургамістрам гораду Вэстэрлянд і дэпутатам мясцовага парлямэнту.
Гітлераўскія карнікі ў палаючай Варшаве, першы зьлева СС-групэнфюрэр Хайнц Райнэфарт/commons.wikimedia.org/Public Domain CC0
У 2014 годзе жыхары Вэстэрлянду на будынку мэрыі вывесілі табліцу на польскай і нямецкай мовах: “З пачуцьцём сораму схіляем галовы над ахвярамі й спадзяёмся на прымірэньне”. Такім чынам яны хацелі змыць сорам з-за таго, што іх продкі бургамістрам выбралі ваеннага злачынцу.
Валеры Саўко
слухайце далучаны гукавы файл