Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю Беларусі ў сераду правеў ператрусы ў офісах незалежных прафсаюзаў у Менску і Салігорску. Супраць кіраўніка прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзя Фядыніча й прафсаюзнага бугальтара Ігара Комліка заведзеная крымінальная справа. Праваабаронцы заяўляюць, што справа мае палітычны характар і заклікаюць грамадзян і міжнародную супольнасьць аказаць ціск на беларускі ўрад, каб той спыніў перасьлед прафсаюзаў.
Ператрусы ў менскім офісе Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) і офісе Беларускага незалежнага прафсаюзу ў Салігорску адбыліся ў сераду раніцай. Супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў забралі фінансавыя дакумэнты арганізацыяў і жорсткія дыскі офісных кампутараў. Некалькі прафсаюзных дзеячаў былі выкліканыя на допыт. Адзін зь іх – бугальтар прафсаюзу РЭП Ігар Комлік – быў зьмешчаны пад варту.
Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў узбудзіў крымінальную справу па частцы 2 артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Кіраўнікоў прафсаюзу РЭП абвінавачваюць ва «ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры». Ім пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.
На некалькі дзён дзейнасьць незалежных прафсаюзаў паралізаваная, аднак у бліжэйшыя дні яны вярнуцца да абароны правоў працоўных – кажа актывіст прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак.
Справа супраць прафсаюзаў палітычна матываваная – кажа Андрэй Стрыжак. Яна ідэнтычная справе аб «няўплаце падаткаў», узбуджанай шэсьць гадоў таму супраць праваабарончага цэнтру «Вясна». Прафсаюзныя актывісты зьбіраюцца супрацьстаяць ціску беларускіх уладаў сумесна з праваабаронцамі – кажа Андрэй Стрыжак.
Андрэй Стрыжак: Мы вядзем кансультацыі з праваабаронцамі, каб забясьпечыць адзінства пазыцыяў. Крымінальная справа, якую ўзбудзілі супраць прафсаюзу РЭП, ідэнтычная той справе, якая ішла супраць Алеся Бяляцкага й праваабарончага цэнтру «Вясна». Зразумела, што справа мае палітычны характар.
Андрэй Стрыжак лічыць крымінальную справу супраць прафсаюзаў помстай за іх удзел у сацыяльных пратэстах вясны гэтага году. Тады больш за 30 сябраў прафсаюзу РЭП былі пакараныя арыштамі, а некалькі соцень атрымалі штрафы.
«Мы расцэньваем крымінальную справу супраць Генадзя Фядыніча й Ігара Комліка як палітычную акцыю, сплянаваную атаку на незалежныя прафсаюзы», – заявіў намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч. На яго думку, беларускія ўлады вырашылі зьнішчыць незалежны прафсаюз, каб пазьбегнуць сацыяльных пратэстаў восеньню гэтага году.
Валянцін Стэфановіч: Магчыма, гэта «прафіляктычныя дзеяньні» напярэдадні восені гэтага году. У лістападзе ў Беларусі пачынаюцца мясцовыя выбары. На фоне пагаршэньня эканамічнай сытуацыі шмат хто з апанэнтаў улады будзе выкарыстоўваць рыторыку абароны сацыяльна-эканамічных правоў. Таму ўлады вырашылі абрынуць удар на прафсаюзы, каб сьцішыць іх дзейнасьць.
Праваабаронцы зьбіраюцца зьвярнуцца ў міжнародныя арганізацыі, каб тыя прымусілі беларускія ўлады спыніць ціск на незалежныя прафсаюзы – кажа Валянцін Стэфановіч. Праваабаронца заклікае звычайных грамадзян выказаць салідарнасьць з прафсаюзамі.
Валянцін Стэфановіч: Па-першае, мы зьбіраемся мабілізаваць міжнародную супольнасьць – міжнародных праваабаронцаў і нашых калегаў зь Беларусі. Мы будзем аказваць канкрэтную дапамогу спадару Фядынічу й яго калегам. Звычайныя грамадзяне могуць праявіць салідарнасьць з прафсаюзамі. Яе можна праяўляць у самых розных формах – пісаць звароты ў сьледчыя ворганы з патрабаваньнем неадкладна спыніць перасьлед гэтых людзей, праводзіць мірныя масавыя мерапрыемствы. Гэта законныя спосабы выказаць сваю пазыцыю. Людзі, якім дапамагаў прафсаюз, павінны выступіць у яго абарону.
Беларускія ўлады прынялі палітычнае рашэньне пачаць перасьлед прафсаюзаў; ціск грамадзян Беларусі, заходніх урадаў і міжнародных арганізацыяў можа прымусіць Менск прыняць палітычнае рашэньне гэты ціск спыніць – падкрэсьлівае Валянцін Стэфановіч.
Актывіст прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак заклікае людзей уважліва сачыць за разьвіцьцём падзеяў і быць гатовымі дапамагчы прафсаюзу. «Мы праводзілі кампанію супраць Дэкрэту № 3 і аказвалі дапамогу арыштаваным і аштрафаваным грамадзянам, а цяпер ня выключана, што грамадзянам прыйдзецца ратаваць нас», – заявіў Андрэй Стрыжак.
Аляксандар Папко