Старшыню Эўрапейскай рады дапыталі польскія пракуроры
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
03.08.2017 12:07
Польская кіроўная партыя лічыць допыт прыкладам роўнасьці ўсіх перад законам, апазыцыя - палітычнай помстай.
PAP/Marcin Obara
Былы прэмʼер-міністар Польшчы, актуальны старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск сёньня зьявіўся ў варшаўскую пракуратуру для таго, каб даць паказаньні па справе аб невыкананьні польскімі дзяржслужачымі сваіх абавязкаў у пытаньні правядзеньня ўскрыцьця цел ахвяр смаленскай авіякатастрофы.
Нагадаем, 10 красавіка 2010 года ў выніку крушэньня польскага ўрадавага самалёту пад Смаленскам загінулі 96 чалавек, у тым ліку тагачасны прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі з жонкай.
Адносна сьледзтва пракуратура паведаміла, што «яно тычыцца, у прыватнасьці, экс-пракурораў Варшаўскай акруговай вайсковай пракуратуры». На думку сьледчых, падчас ідэнтыфікацыі цел было дапушчана шмат памылак. Нагадаем, у выніку праведзеных эксгумацый было выяўлена, што ў васьмі выпадках целы ахвяр пераблытаныя, а ў 13-і трунах былі парэшткі іншых загінулых.
Будучы прэм’ерам, Дональд Туск адказваў за дзейнасьць спэцслужбаў, таму пракуратура яго дапытвае ў якасьці сьведка. Аднак апазыцыйная партыя «Грамадзянская плятформа», членам якой быў Туск, упэўненая, што гэта палітычная помста з боку актуальна кіруючай кансэрватыўнай партыі «Права й справядлівасьць» (ПіС).
У сваю чаргу прэс-сакратар ПіС Бэата Мазурэк запэўнівае, што ніякай помсты няма. Паводле яе слоў, перад правасудзьдзем усе павінны быць роўныя, а Туск павінен разьвеяць усе сумневы, адказаць на ўсе пытаньні праваахоўных органаў і не хавацца за імунітэтам.
Першапачаткова допыт Дональда Туска быў заплянаваны на 5 ліпеня, аднак ён ня змог прыбыць у пракуратуру ў сувязі з выкананьнем абавязкаў галавы Эўрапейскай рады.
вс