Logo Polskiego Radia
Print

Адзін з пасажыраў у паветры спрабаваў адкрыць дзьверы ў самалёце

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 24.07.2017 16:35
Адзін з пасажыраў самалёту, які ляцеў з Катавіцэ ў Лёндан, у паветры спрабаваў адкрыць дзьверы.
Самалёт Airbus A320/321 авіякампаніі Wizz Air Самалёт Airbus A320/321 авіякампаніі Wizz Air pixabay.com/Public Domain CC0

Адзін з пасажыраў самалёту, які ляцеў з польскага гораду Катавіцэ ў Лёндан, у паветры спрабаваў адкрыць дзьверы ў самалёце Airbus A320.

Вячэрні рэйс авіякампаніі Wizz Air адбываўся згодна з плянам. Аднак за паўгадзіны да прызямленьня ў аэрапорце «Лёндан-Лутан» малады мужчына з выгляду ва ўзросьце каля 20 гадоў устаў са свайго месца й сеў каля жанчыны, якая сядзела каля аварыйнага выхаду. Ён раптоўна нахіліўся ў бок пасажыркі й празь яе ўхапіўся за рычаг аварыйных дзьвярэй. На шчасьце, шэрагам далей сядзелі трое мужчын, якія на яго накінуліся й абясшкодзілі, паваліўшы на падлогу. Пасьля гэтага бартавы пэрсанал зьвязаў пасажыра-хулігана рэменямі бясьпекі й пасьля прызямленьня ў Лёндане перадаў яго паліцыі.

Паводле пасажыраў, якія ляцелі згаданым рэйсам, малады чалавек паводзіў сябе дзіўна ўжо ў аўтобусе, які падвозіў іх да самалёту.

Падчас палёту адкрыць аварыйны выхад нікому не ўдасца з-за розьніцы ціску за бортам і ўнутры самалёта. Залішні ціск выконвае ролю своеасаблівага «блякатара» дзьвярэй падчас палёту. Люкі, якія адкрываюцца вонкі, забясьпечаныя сыстэмай, якая кінэматычна блякуе дзьверы пры дасягненьні вышыні ў 2 км.

Як паведамлялася нядаўна, спробу адкрыць дзьверы ў палёце прадпрыняў адзін з пасажыраў самалёту авіякампаніі Delta Airlines.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт