Logo Polskiego Radia
Print

Беларускі бізнэс рыхтуецца ўздыхнуць з палёгкай

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 14.07.2017 19:38
  • бізнэс і ўлада.mp3
Вялікі пакет дакумэнтаў, што прадугледжваюць значную лібэралізацыю дзелавога клімату, будзе падпісаны ў бліжэйшы час.
pixabay.com/Public Domain CC0

Уздыхнуць з палёгкай рыхтуецца беларускі бізнэс. Вялікі пакет дакумэнтаў, што прадугледжваюць значную лібэралізацыю дзелавога клімату, будзе падпісаны ў бліжэйшы час. Пра гэта ў пятніцу, размаўляючы з журналістамі, паведаміў міністар эканомікі краіны Уладзімер Зіноўскі.
Пакет дакумэнтаў, што, паводле распрацоўнікаў, у значнай ступені паспрыяе разьвіцьцю прадпрымальніцкай дзейнасьці, стаў вынікам інтэнсіўных кансультацыяў, якія доўжыліся ад студзеня. Штогод дзелавое асяродзьдзе распрацоўвае Нацыянальную плятформу бізнэсу Беларусі, у якой прапануе каля ста пытаньняў для абмеркаваньня з урадам. Але вывесьці на такі ўзровень супрацоўніцтва дзелавых колаў ды ўладаў, як сёлета, атрымалася ўпершыню. Па сутнасьці, гаворка вядзецца пра сыстэмныя зьмены. Паводле міністра эканомікі, чакаць засталося нядоўга. Зь некаторымі дакумэнтамі мусяць яшчэ папрацаваць юрысты ды карэктары. Чакаецца, што пасьля гэтага іх падпіша кіраўнік дзяржавы. Што тычыцца зьменаў, то яны закранаюць тры асноўныя накірункі. Пра гэта нашай рэдакцыі распавёў старшыня Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін.
Уладзімер Карагін: Першае, чым была занятая працоўная група, уся дзелавая супольнасьць, была вялікая барацьба за кожную пазыцыю – гэта дэкрэт прэзыдэнта аб разьвіцьці дзелавой ініцыятывы. Другая група дакумэнтаў зьвязаная з указам прэзыдэнта па разьвіцьці прадпрымальніцтва, самазанятасьці ў сельскай мясцовасьці ды малых гарадах. Вакол гэтага таксама разгарнулася барацьба паміж ведамствамі. Ёсьць прапановы максымальна спрасьціць адкрыцьцё ў любой вёсцы крамы, кавярні пункту харчаваньня пры выплаце ўсяго адной базавая велічыні без усялякіх іншых падаткаў дзеля таго, каб пасадзіць зерне бізнэсу. Трэцяя група пытаньняў зьвязаная з разьвіцьцём IT-сэктару. І тут таксама рыхтуецца спэцыяльны дэкрэт прэзыдэнта.
Кажучы пра разьвіцьцё сфэры высокіх тэхналёгіяў, наш суразмоўца зьвярнуў увагу – вельмі важна, каб беларускае заканадаўства ўлічвала сучасныя тэндэнцыі, якія існуюць у гэтай галіне. У прыватнасьці, павінны быць створаныя магчымасьці для працы па фрылансе. Чаканы вынік зьменаў – стварэньне мільёну новых працоўных месцаў у IT-сэктары. Вялікі блёк прапановаў тычыцца дэкрыміналізацыі беларускага заканадаўства.
Уладзімер Карагін: Сёньня празьмерныя штрафы, празьмерныя пакараньні. 12 арганізацыяў могуць арыштаваць маёмасьць і чалавека. Больш за 60 арганізацыяў маюць права правяраць. Ёсьць розныя крыжаваныя праверкі, спаборніцтвы паміж ведамствамі. А ў выніку прадпрымальнікі сядзяць у турме, многія праекты закрываюцца, фірмы разараюцца, і ня вырашаныя многія пытаньні аб вяртаньні запазычанасьцяў ад дзяржпрадпрыемстваў і гэтак далей. Трэба яшчэ ўнесьці зьмены ў кодэксы. У прыватнасьці, у Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэньнях. Але тут ужо патрэбны ўдзел парлямэнту. Тут недастаткова прэзыдэнцкіх указаў і пастановаў ураду. Важна падрыхтаваць зьмены ў законах ды замацаваць гэта ў кодэксах. Над гэтым працуе камісія разам з урадам ды дзелавой супольнасьцю.
Маштабы зьменаў сапраўды ўражваюць, але, паводле Уладзімера Карагіна, наперадзе яшчэ шмат працы, бо многія з актуальных праблемаў гэтым разам засталіся без увагі.
Уладзімер Карагін: Пакуль выпадае абарона ўласнасьці. Сярод галоўных пытаньняў – прэзумпцыя невінаватасьці. Цяжка абмяркоўваецца пытаньне амністыі капіталаў за ўсе папярэднія гады. Людзі недзе зарабілі грошы ды хочуць легалізаваць іх. Ва ўсім сьвеце гэта магчыма. Пакуль дамовіліся, што ў IT-сэкторы гэта вітаецца, але тут таксама ня згодныя некаторыя міністэрствы ды ведамствы. Вельмі шмат пытаньняў, сярод тых, што трэба вырашаць, зьвязана з разьвіцьцём добрасумленнай канкурэнцыі ды роўнасьцю ўсіх формаў уласнасьці (дзяржаўнай і прыватнай), а таксама роўнасьцю ўсіх субʼектаў гаспадараньня – пры дзяржзакупках, пры тэндэрах і гэтак далей. Над стварэньнем кункурэнтнага асяродзьдзя працуе Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня ды гандлю. Але гэтых высілкаў недастаткова.
Спэцыялісты чакаюць, што ў будучым сумесная праца будзе працягнутая. Тым больш, на думку Ўладзімера Карагіна, у кожным зь міністэрстваў ёсьць прагрэсіўныя людзі, якія разумеюць важнасьць паляпшэньня дзелавога клімату. Разам з тым, старшыня Менскага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў адзначае, што адных зьменаў у заканадаўстве мала, паколькі існуе ўнутраная праблема – недастатковая кансалідаванасьць бізнэс-супольнасьці.

Вялікі пакет дакумэнтаў, што прадугледжваюць значную лібэралізацыю дзелавога клімату, будзе падпісаны ў бліжэйшы час. Пра гэта ў пятніцу, размаўляючы з журналістамі, паведаміў міністар эканомікі краіны Уладзімер Зіноўскі.

Пакет дакумэнтаў, што, паводле распрацоўнікаў, у значнай ступені паспрыяе разьвіцьцю прадпрымальніцкай дзейнасьці, стаў вынікам інтэнсіўных кансультацыяў, якія доўжыліся ад студзеня. Штогод дзелавое асяродзьдзе распрацоўвае Нацыянальную плятформу бізнэсу Беларусі, у якой прапануе каля ста пытаньняў для абмеркаваньня з урадам. Але вывесьці на такі ўзровень супрацоўніцтва дзелавых колаў ды ўладаў, як сёлета, атрымалася ўпершыню. Па сутнасьці, гаворка вядзецца пра сыстэмныя зьмены.

Паводле міністра эканомікі, чакаць засталося нядоўга. Зь некаторымі дакумэнтамі мусяць яшчэ папрацаваць юрысты ды карэктары. Чакаецца, што пасьля гэтага іх падпіша кіраўнік дзяржавы. Што тычыцца зьменаў, то яны закранаюць тры асноўныя накірункі. Пра гэта нашай рэдакцыі распавёў старшыня Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін.

Уладзімер Карагін: Першае, чым была занятая працоўная група, уся дзелавая супольнасьць, была вялікая барацьба за кожную пазыцыю – гэта дэкрэт прэзыдэнта аб разьвіцьці дзелавой ініцыятывы. Другая група дакумэнтаў зьвязаная з указам прэзыдэнта па разьвіцьці прадпрымальніцтва, самазанятасьці ў сельскай мясцовасьці ды малых гарадах. Вакол гэтага таксама разгарнулася барацьба паміж ведамствамі. Ёсьць прапановы максымальна спрасьціць адкрыцьцё ў любой вёсцы крамы, кавярні пункту харчаваньня пры выплаце ўсяго адной базавая велічыні без усялякіх іншых падаткаў дзеля таго, каб пасадзіць зерне бізнэсу. Трэцяя група пытаньняў зьвязаная з разьвіцьцём IT-сэктару. І тут таксама рыхтуецца спэцыяльны дэкрэт прэзыдэнта.

Кажучы пра разьвіцьцё сфэры высокіх тэхналёгіяў, наш суразмоўца зьвярнуў увагу – вельмі важна, каб беларускае заканадаўства ўлічвала сучасныя тэндэнцыі, якія існуюць у гэтай галіне. У прыватнасьці, павінны быць створаныя магчымасьці для працы па фрылансе. Чаканы вынік зьменаў – стварэньне мільёну новых працоўных месцаў у IT-сэктары. Вялікі блёк прапановаў тычыцца дэкрыміналізацыі беларускага заканадаўства.

Уладзімер Карагін: Сёньня празьмерныя штрафы, празьмерныя пакараньні. 12 арганізацыяў могуць арыштаваць маёмасьць і чалавека. Больш за 60 арганізацыяў маюць права правяраць. Ёсьць розныя крыжаваныя праверкі, спаборніцтвы паміж ведамствамі. А ў выніку прадпрымальнікі сядзяць у турме, многія праекты закрываюцца, фірмы разараюцца, і ня вырашаныя многія пытаньні аб вяртаньні запазычанасьцяў ад дзяржпрадпрыемстваў і гэтак далей. Трэба яшчэ ўнесьці зьмены ў кодэксы. У прыватнасьці, у Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэньнях. Але тут ужо патрэбны ўдзел парлямэнту. Тут недастаткова прэзыдэнцкіх указаў і пастановаў ураду. Важна падрыхтаваць зьмены ў законах ды замацаваць гэта ў кодэксах. Над гэтым працуе камісія разам з урадам ды дзелавой супольнасьцю.

Маштабы зьменаў сапраўды ўражваюць, але, паводле Уладзімера Карагіна, наперадзе яшчэ шмат працы, бо многія з актуальных праблемаў гэтым разам засталіся без увагі.

Уладзімер Карагін: Пакуль выпадае абарона ўласнасьці. Сярод галоўных пытаньняў – прэзумпцыя невінаватасьці. Цяжка абмяркоўваецца пытаньне амністыі капіталаў за ўсе папярэднія гады. Людзі недзе зарабілі грошы ды хочуць легалізаваць іх. Ва ўсім сьвеце гэта магчыма. Пакуль дамовіліся, што ў IT-сэкторы гэта вітаецца, але тут таксама ня згодныя некаторыя міністэрствы ды ведамствы. Вельмі шмат пытаньняў, сярод тых, што трэба вырашаць, зьвязана з разьвіцьцём добрасумленнай канкурэнцыі ды роўнасьцю ўсіх формаў уласнасьці (дзяржаўнай і прыватнай), а таксама роўнасьцю ўсіх субʼектаў гаспадараньня – пры дзяржзакупках, пры тэндэрах і гэтак далей. Над стварэньнем кункурэнтнага асяродзьдзя працуе Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня ды гандлю. Але гэтых высілкаў недастаткова.

Спэцыялісты чакаюць, што ў будучым сумесная праца будзе працягнутая. Тым больш, на думку Ўладзімера Карагіна, у кожным зь міністэрстваў ёсьць прагрэсіўныя людзі, якія разумеюць важнасьць паляпшэньня дзелавога клімату. Разам з тым, старшыня Менскага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў адзначае, што адных зьменаў у заканадаўстве мала, паколькі існуе ўнутраная праблема – недастатковая кансалідаванасьць бізнэс-супольнасьці.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт