Logo Polskiego Radia
Print

Польская нацыянальная авіякампанія LOT пачне лётаць з Будапэшту ў ЗША

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 07.07.2017 18:49
З траўня 2018 году польскія лайнэры спалучаць сталіцу Вугоршчыны зь Нью-Ёркам і Чыкага.
Экіпаж авіякампаніі LOTЭкіпаж авіякампаніі LOTфота: прэс-служба LOT

Польская нацыянальная авіякампанія LOT пачне лётаць з Будапэшту ў Злучаныя Штаты. З траўня 2018 году польскія лайнэры спалучаць сталіцу Вугоршчыны зь Нью-Ёркам і Чыкага. Падрабязнасьці былі агучаныя ў аэрапорце Будапэшту з удзелам віцэ-прэм’ера, міністра фінансаў і разьвіцьця Польшчы Матэвуша Маравецкага ды старшыні праўленьня авіякампаніі LOT Рафала Мільчарскага.

Гэта будзе першае прамое авіяспалучэньне з Будапэшту ў ЗША з 2011 года й першы маршрут польскай авіякампаніі, які будзе рэалізаваны па-за тэрыторыяй Польшчы.

Самалёты у Нью-Ёрк будуць лётаць чатыры разы на тыдзень, а ў Чыкага – два. Рэйсы будуць выконвацца на самалётах Boeing 787 Dreamliner.

Паводле падлікаў, штогод з Будапэшту ў ЗША падарожнічае каля 165 тыс. чалавек зь перасадкай у эўрапейскіх аэрапортах.

Білеты на новыя рэйсы можна ўжо купляць зь сёньняшняга дня.

Вугоршчына ня мае сваёй авіякампаніі з моманту, калі нацыянальныя авіялініі Malev аб’явілі банкруцтва ў 2012 годзе.

Авіякампанія LOT – буйнейшы польскі авіяперавозчык. У 2016 годзе авіякампанія перавезла на 20% пасажыраў больш у параўнаньні з 2015 годам, дасягнуўшы лічбы 5 млн кліентаў. Найбуйнейшы польскі аэрапорт – варшаўскі аэрапорт імя Фрыдэрыка Шапэна – летась абслужыў больш за 11 млн 300 тыс. пасажыраў: гэта на 6% больш у параўнаньні з 2015 годам.

У канцы мінулага году польскія авіялініі заінвэставалі ў Эстоніі, купіўшы пакет 49% акцый эстонскай авіякампаніі Nordica.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт