Logo Polskiego Radia
Print

«Жаўнеры ў акопах размаўляюць пра мірныя рэчы» (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 05.07.2017 20:17
  • «Жаўнеры ў акопах размаўляюць пра мірныя рэчы».mp3
Фатограф Міхаіл Крывень, які паўтара году правёў на вайне, паказвае, яе не па-галівудзку яна выглядае насамрэч.
Фота: Mykhailo Kryven. Кадр з прэзэнтацыі «Здымкі вайны» ў Варшаве.Фота: Mykhailo Kryven. Кадр з прэзэнтацыі «Здымкі вайны» ў Варшаве.Фота: Mykhailo Kryven. Кадр з прэзэнтацыі «Здымкі вайны» ў Варшаве.

Вайна – гэта не галівудзкі баявік з горамі зброі, гераічнымі атакамі й ідэальнымі героямі. Гэта манатоннасьць і нуда, якая нечакана перарываецца абстрэламі. Гэта бруд акопаў і бліндажы, зацягнутыя цыгарэтным дымам. Гэта тушонка на сьняданьне, абед і вячэру. Гэта туга па доме й чорны гумар саслужыўцаў. Франтавы быт паказаў на сваіх здымках украінскі фатограф Міхаіл Крывень. Паўтара гады ён правёў на вайне ў Данбасе, служачы ў Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны. Прэзэнтацыю фота Міхаіла Крывеня «Здымкі вайны» ў аўторак у Варшаве арганізаваў польскі Інстытут рэпартажу. Пра што расказваюць «здымкі, на якіх нічога не адбываецца» – Міхаіл Крывень растлумачыў Аляксандру Папко.

Спадар Міхаіл, сёньня падчас прэзэнтацыі вы заявілі, што расказваць пра тое, як насамрэч выглядае вайна – гэта ўсё роўна, што тлумачыць музыку на пальцах. Аднак паспрабуем гэта зрабіць. Здымкі, якія вы паказалі ў Варшаве, публікуюцца ўпершыню. Пра што яны?

Міхаіл
Міхаіл Крывень

Міхаіл Крывень: Гэтыя здымкі я зрабіў падчас сваёй службы ў Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны ў студзені-лютым у раёне сяла Крымскае. Яно знаходзіцца на самым пярэднім краі. Здымаў я на плёнку. Фотаздымкі былі маім хобі, якое паволі пачало перарастаць у прафэсійны занятак.

Вайна на вашых здымках вельмі адрозьніваецца ад таго, што мы бачым па тэлебачаньні. На іх вельмі мала зброі, тэхнікі. Што вы хацелі паказаць на гэтых фатаграфіях?

Міхаіл Крывень: Я хацеў паказаць звычайны быт на вайне: як жывуць гэтыя жаўнеры, што робяць кожны дзень, у якіх умовах яны гэта робяць – пад дажджом, сьнегам, сонцам. Па вялікім рахунку, гэта фатаграфіі, на якіх нічога не адбываецца. Кожны дзень па некалькі разоў ты нясеш варту на блёкпосьце – у тым месцы, дзе табе вызначана. Пасьля службы ты ідзеш альбо спаць, альбо чытаць кнігі. Ты еш, курыш, размаўляеш з таварышамі. Калі пачынаецца бой – ты прымаеш бой.

Калі казаць пра штодзённую армейскую службу – гэта зусім не гераізм. Гэта праца, якую ты павінен выконваць. Гераізм пачынаецца тады, калі ўзьнікае страх, а ты не паддаесься гэтаму страху. Не абавязкова бегчы наперад з нажом і нешта крычаць. Гераізм – гэта таксам перамагчы свой страх. Мае саслужыўцы – гэта простыя людзі, якія былі пісьменьнікамі, мэнэджэрамі, настаўнікамі, якія раней не трымалі ў руках зброі. І для іх гераізм – гэта быць жаўнерамі й выконваць гэтую працу.

На здымках, сапраўды бачым побытавыя рэчы: хлеб, кнігі, гульню ў шахматы ля акопаў. Ці проста ўжываюцца разам 150 чалавек? Пра што вы размаўлялі на перадавой?

Журналіст
Журналіст Павел Пянёнжак і фатограф Міхаіл Крывень падчас прэзэнтацыі «Здымкі вайны» ў Варшаве.

Міхаіл Крывень: Твая рота раскінутая па розных пазыцыях на фронце, таму за ўвесь тэрмін службы на фронце шматлікіх саслужыўцаў ты можаш і не пабачыць. Бывалі выпадкі, калі здараліся канфлікты. Вядома – гэта мужчыны. Але такія выпадкі здараліся даволі рэдка й заканчваліся самі сабой. Проста хлопцы выказалі ў твар усё, што яны думаюць адзін пра аднаго. А жаўнеры на «перадку» размаўляюць пра мірныя рэчы: пра хатнюю ежу, пра сваіх дзяцей, пра сваіх жонак і бацькоў, пра тое, як яны вярнуцца дадому й пойдуць у кіно на фільм, які даўно хацелі паглядзець.

А ці знаходзячыся на фронце, вы думалі пра вашых праціўнікаў – тых, хто знаходзіўся за 500 мэтраў ад вас? Вы спрабавалі зразумець, што іх матывуе?

Міхаіл Крывень: Я пачаў думаць пра гэта, калі вярнуўся з арміі. Я хацеў зразумець, што іх матывуе. У тых, хто не зьяўляецца наймітам і ваюе за грошы, ёсьць свая ідэя, ёсьць «русский мир», у які яны сьвята вераць. Іначай яны б не стаялі ў акопах з аўтаматамі. Але гэтыя ідэі пра веліч Расеі насаджаныя ім прапагандай. Значна горш тое, што яны ня могуць супраціўляцца прапагандзе, фільтраваць гэтую інфармацыю, альбо нават ня маюць альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі.

Скажыце, калі ласка: як хутка вы сталі жаўнерам? Для таго, каб чалавек увайшоў у вайсковы сьветапогляд і мірнае жыцьцё перастала для яго існаваць, павінен прайсьці пэўны час. Як хутка вы вярнуліся з гэтай вайны? Ці да канца вы вярнуліся зь яе?

Міхаіл Крывень: Я ўцягнуўся вельмі хутка. Ратацыя ў нас была даволі жорсткая. Нас пачалі абстрэльваць з першага дня, таму ўцягвацца прыйшлося імгненна. Вярнуўся я з вайны, здаецца, таксама хутка, дзякуючы таму, што нас рэгулярна адпраўлялі ў водпускі. Мы былі два-тры месяцы на фронце, пасьля гэтага месяц былі дома, а месяц – у сваёй частцы. Самае доўгае, калі мы былі на фронце – гэта чатыры месяцы. Таму мне падаецца, што я прыйшоў у сябе даволі хутка. Аднак ёсьць рэчы, якія застаюцца з табой. Напрыклад, пасядзеўшы пад абстрэламі, ты патрабуеш адрэналіну. Гэта застаецца з табой на ўсё жыцьцё.

Прэзэнтацыя
Прэзэнтацыя «Здымкі вайны». Варшава, 4 ліпеня 2017 г.


У Беларусі людзі ў асноўным глядзяць расейскі тэлеканалы, дзе гавораць што ва Ўкраіне нічога не зьмянілася, што палітыкі як кралі, так і крадуць, і што рэвалюцыя ды вайна ня мелі сэнсу. Вы былі на Майдане, ваявалі ў Данбасе. Ці мае сэнс тое што вы рабілі – пэрсанальна для вас, для ўсёй краіны?

Міхаіл Крывень: Зразумела, што гэта мела сэнс! Я рабіў гэта дзеля краіны. А краіна – гэта мы. Гэта мая мама, гэта мая жонка, гэта нашыя будучыя дзеці. Тыя рэчы, якія я рабіў, дакладна былі правільнымі. Нават калі ўлада дрэнная, а алігархі працягваюць красьці, мы не павінныя складваць рукі й казаць «хай Крэмль прасоўваецца далей». Мы павінныя абараняцца. Нягледзячы ні на што. Як казаў Шаўчэнка, «агонь зацятых не пячэ».

Размаўляў Аляксандар Папко

Фота:
Фота: Mykhailo Kryven. Кадр з прэзэнтацыі «Здымкі вайны» ў Варшаве.

Фота:
Фота: Mykhailo Kryven. Кадр з прэзэнтацыі «Здымкі вайны» ў Варшаве.

Гульня
Гульня ў шахматы. Празь некалькі сэкунд пачнецца абстрэл. Фота: Mykhailo Kryven. Кадр з прэзэнтацыі «Здымкі вайны» ў Варшаве.

Фота:
Фота: Mykhailo Kryven. Кадр з прэзэнтацыі «Здымкі вайны» ў Варшаве.

Фота:
Фота: Mykhailo Kryven. Кадр з прэзэнтацыі «Здымкі вайны» ў Варшаве.

Вясной
Вясной і восеньню славуты данбаскі чарназём ператвараецца ў непралазную гразь. Фота: Mykhailo Kryven. Кадр з прэзэнтацыі «Здымкі вайны» ў Варшаве.

Фота:
Фота: Mykhailo Kryven. Кадр з прэзэнтацыі «Здымкі вайны» ў Варшаве.

Фота:
Фота: Mykhailo Kryven. Кадр з прэзэнтацыі «Здымкі вайны» ў Варшаве.
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт