Logo Polskiego Radia
Print

Польшча й Азэрбайджан падпісалі дэклярацыю аб стратэгічным партнэрстве

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 27.06.2017 17:10
Анджэй Дуда й Ільхам Аліеў заявілі пра тое, што краіны гатовыя да новага ўзроўню двухбаковых адносін.
PAP/Marcin Obara

Прэзыдэнт Азэрбайджана Ільхам Аліеў знаходзіцца з афіцыйным візытам у Польшчы. На двухбаковых перамовах перш за ўсё закранаюцца пытаньні эканамічнага супрацоўніцтва й разьвіцьця адносін паміж краінамі.

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда й Ільхам Аліеў заявілі пра тое, што краіны гатовыя да новага ўзроўню двухбаковых адносін. Лідары падпісалі сумесную дэклярацыю аб усталяваньні стратэгічнага партнэрства й супрацоўніцтва паміж Варшавай і Баку. Да візыту Ільхама Аліева прымеркаваны Польска-Азэрбайджанскі эканамічны форум з удзелам абодвух прэзыдэнтаў і прадстаўнікоў дзелавых колаў дзьвюх краін.

Паводле Анджэя Дуды, гандлёва-эканамічныя адносіны паміж Польшчай і Азэрбайджанам неабходна інтэнсыфікаваць, бо «эканамічны патэнцыял у нашых краін вельмі вялікі, аднак гандлёвы абмен на ўзроўні 100 млн даляраў у год зьяўляецца сьціплым паказчыкам».

У сваю чаргу прэзыдэнт Ільхам Аліеў казаў аб энэргетычным супрацоўніцтве й паўднёвым транспартным калідоры, які злучыць Азэрбайджан з эўрапейскімі краінамі. Аліеў спадзяецца, што першая частка праекта будзе гатовая ў будучым годзе, а яго поўная рэалізацыя завершыцца ў 2020 годзе.

Прэзыдэнт Азэрбайджана запрасіў Анджэя Дуду ў Баку. Дуда падзякаваў за запрашэньне й падтрымку Азэрбайджана для кандыдатуры Польшчы як непастаяннага члена Рады бясьпекі ААН.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт