Беларусь купляе ў Расеі 12 сучасных зьнішчальнікаў Су-30СМ. Кошт зьдзелкі – 600 мільёнаў даляраў. Пра падпісаньне кантракту заявіў у аўторак кіраўнік расейскай Фэдэральнай службы па вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве Дзьмітрый Шугаеў. Пакупка высакаклясных, але дарагіх у эксплёатацыі самалётаў можа павялічыць вайсковую залежнасьць Беларусі ад Расеі й сапсаваць стасункі Менска з краінамі NATO – папярэджваюць беларускія вайсковыя аналітыкі. Як на набыцьцё Менскам грозных расейскіх самалётаў глядзяць у Варшаве? Зь беларускімі і польскімі вайсковымі экспэртамі размаўляў Аляксандар Папко.
Аляксандар Лукашэнка неаднаразова прасіў у Расеі новыя зьнішчальнікі, каб замяніць Су-27 савецкай вытворчасьці, якія былі выведзеныя з эксплёатацыі ў 2013 годзе. Расейскае кіраўніцтва, аднак, прапанавала Лукашэнку не самалёты, а расейскую авіяцыйную базу. Дыскусіі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскага вайсковага аб’екту не сьціхалі на працягу чатырох гадоў. У выніку, як бачна, перамагла пазыцыя беларускага кіраўніцтва. Расея згадзілася паставіць менавіта самалёты. Аднак гэтую перамогу нельга назваць абсалютнай – сьцьвярджае вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін.
Продаж новых самалётаў можа быць абцяжараны палітычнымі й эканамічнымі ўмовамі, якія могуць яшчэ мацней прывязаць Беларусь да Расеі – папярэджвае Аляксандар Алесін.
Су-30 – гэта выдатны шматфункцыянальны самалёт з магутным радарам. Зьнішчальнік здольны весьці паветраны бой, атакаваць наземныя цэлі, праводзіць паветраную выведку. Аднак магчымасьці Су-30 пераўзыходзяць патрэбы абароны адносна невялікай беларускай тэрыторыі, а кошты эксплёатацыі могуць моцна ўдарыць па беларускім бюджэце.
Вайсковы аналітык Андрэй Паротнікаў палічыў, што кошт паліва й тэхнічнага абслугоўваньня Су-30 у два-тры разы вышэйшы, чым кошты эксплёатацыі расейскага зьнішчальніка Міг-29, і ў чатыры рызы вышэйшы, чым кошты эксплёатацыі швэдзкага Saab Gripen. Паводле Андрэя Паротнікава, толькі на падтрыманьне навыкаў пілётаў Су-30 Беларусь павінна выдаваць штогод каля 175 мільёнаў даляраў, альбо 40% свайго вайсковага бюджэту.
Гэтыя ацэнкі падзяляе і Аляксандар Алесін.
Аляксандар Алесін: Гэтая зьдзелка не настолькі ўжо выгадная для Беларусі. Эканамічную сытуацыю Беларусі нельга назваць бліскучай. Як заявіў сам Лукашэнка, кожны самалёт каштуе мінімум 25 мільёнаў даляраў. Гэты кантракт напружыць наш бюджэт, а акрамя таго, будзе расьцягнуты ў часе. Мы не атрымаем імгненна баяздольнага авіяцыйнага падразьдзяленьня. Расея, аказваючы паслугу Беларусі, прывязвае яе да сябе яшчэ мацней. Такая складаная авіяцыйная тэхніка патрабуе аўтарскага нагляду й сэрвісу з боку прадпрыемства-вытворцы.
Беларусь і Расея маюць агульную сыстэму супрацьпаветранай абароны. Набыцьцё Менскам 12 цяжкіх зьнішчальнікаў можа сапсаваць адносіны Беларусі з краінамі Балтыі, Польшчай і Ўкраінай, а таксама падштурхнуць гонку ўзбраеньняў у рэгіёне – асьцерагаецца Аляксандар Алесін.
Аляксандар Алесін: Су-30 – гэта шматфункцыянальны самалёт, які прызначаны для нанясеньня дакладных удараў па зямлі – як карэктаванымі авіяцыйнымі бомбамі, так і тактычнымі авіяцыйнымі ракетамі. Нават гаворыцца, што ён можа быць носьбітам тактычнай ядзернай зброі. Зьяўленьне такіх самалётаў на тэрыторыі Беларусі не застанецца незаўважаным у нашых суседзяў. Я лічу, што продаж Беларусі Су-30 ў пэўным сэнсе можа быць «траянскім канём».
На думку Аляксандра Алесіна, натуральнай рэакцыяй краінаў Балтыі, Польшчы і Ўкраіны будзе набыцьцё новых сыстэмаў супрацьпаветранай абароны.
Польскія экспэрты, аднак, заяўляюць, што зьяўленьне ў Беларусі 12 новых зьнішчальнікаў трывогі ў краінах NATO ня выкліча.
Адбываецца натуральны працэс мадэрнізацыі беларускай арміі. Ён не парушае балянсу сілаў у рэгіёне, бо апошнія гады выдаткі на ўзбраеньне павялічваюць усе краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы – кажа галоўны рэдактар часопісу Przegląd Sił Zbrojnych («Агляд узброеных сілаў») Норбэрт Бончык (Norbert Bączyk).
Норбэрт Бончык: 12 машынаў не ствараюць значнай перавагі. Пры гэтым трэба зазначыць, што ўзброеныя сілы Беларусі ў апошнія гады праходзяць вельмі хуткую мадэрнізацыю. Набыцьцё самалётаў Су-30 не зьяўляецца выключэньнем. У апошнія гады Беларусь набывае ў Расеі й іншыя сыстэмы ўзбраеньня, але адначасова разбудоўвае ўласную абаронную прамысловасьць. Рост абаронных выдаткаў адбываецца ва ўсіх краінах рэгіёну. Найлепшым прыкладам таму зьяўляецца Летува. Польшча таксама набывае ракеты JASSM, якія запускаюцца з самалётаў F-16, і радыюс дзеяньня гэтых ракетаў пакрывае ўсю тэрыторыю Беларусі.
Набыцьцё Беларусьсю 12 самалётаў ня можа істотна зьмяніць раскладу сілаў у рэгіёне – салідарны з Норбэртам Бончыкам галоўны рэдактар часопісу Lotnictwo («Авіяцыя») Шымон Тэтэра (Szymon Tetera). Пры неабходнасьці Расея здольная перакінуць у Беларусь уласную авіяцыю, значна больш шматлікую за беларускую – кажа экспэрт.
Шымон Тэтэра: Калі б напружаньне ў рэгіёне вырасла, то Расея магла б перадаць Беларусі вялікую колькасьць машынаў альбо перакінуць у Беларусь уласную авіяцыю, як яна часам рабіла раней.
Гонка ўзбраеньняў у рэгіёне ідзе ўжо некалькі гадоў, і прычынай яе стала не пераўзбраеньне беларускай арміі – падкрэсьлівае польскі вайсковы экспэрт Норбэрт Бончык. Мадэрнізаваць свае арміі Польшчу, Летуву, Эстонію і іншыя краіны NATO прымусіла агрэсія Расеі супраць Украіны.
Паўночнаатлянтычны альянс не разглядае Беларусь як крыніцу пагрозы. Пра небясьпеку зь беларускага кірунку можна казаць толькі ў кантэксьце вайсковага саюзу Расеі й Беларусі – зазначае вайсковы экспэрт Норбэрт Бончык. Малаверагодна, што набыцьцё самалётаў расейскай вытворчасьці сапсуе адносіны Менска з заходнімі й паўднёвымі суседзямі. Іх увагу значна больш прыцягвае вайсковая палітыка Масквы.
Аляксандар Папко