Па вуліцах Варшавы 17-ы па ліку раз прайшоў Парад Роўнасьці. Мэта мерапрыемства – зьвярнуць увагу на неталерантнасьць у грамадзтве й дыскрымінацыю асоб ЛГБТ (лесьбіянак, геяў, бісэксуалаў і трансгендэраў).
Шэсьце пачалося ад таго, што арганізатары зачыталі ліст падтрымкі, накіраваны ўдзельнікам параду й падпісаны амабасадарамі 40 краін, акрэдытаванымі ў Польшчы. Ліст падпісалі, у прыватнасьці, паслы Аўстраліі, Аргентыны, Чылі, Чэхіі, Эстоніі, Францыі, Грэцыі, Японіі, Ізраіля, Германіі, Канады, ЗША, Віетнаму, Італіі, Украіны, а таксама дырэктар прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Польшчы.
У лісьце, між іншым, цытавалася Ўсеагульная дэклярацыя правоў чалавека, у якой гаворыцца пра роўнасьць усіх грамадзян, незалежна, у тым ліку, ад полавай арыентацыі.
Парад закончыўся ў цэнтры сталіцы – у Гарадку Роўнасьці, дзе цяпер адбываецца шэраг культурных мерапрыемстваў.
На трасе параду стаялі нешматлікія пікеты прадстаўнікоў права-кансэрватыўных сіл з банэрамі. Мерапрыемства адбылося без інцыдэнтаў. За парадкам сачыла немалая колькасьць паліцыі.
Паводле падлікаў, у Парадзе Роўнасьці ў 2016 годзе ўдзельнічала 30-35 тыс. чалавек. Сёлетняя колькасьць удзельнікаў ацэньваецца на 35-50 тыс. чалавек.
вс
фота: PAP/Radek Pietruszka