Малдова выдаліла пецярых расейскіх дыпляматаў
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
30.05.2017 12:00
Сярод выдаленых – намесьнік расейскага вайсковага аташэ, які спрабаваў завэрбаваць малдаўскага палітыка.
Foto: pixabay.com/CCO
Улады Малдовы выдалі са сваёй тэрыторыі пецярых расейскіх дыпляматаў. Сярод пэрсонаў нон-грата знаходзіцца намесьнік расейскага вайсковага аташэ. Урад абвінаваціў яго ў шпіянажы. Дыплямат спрабаваў атрымаць тайную інфармацыю ад аднаго з былых малдаўскіх парлямэнтароў.
Інфармагенцтва Interfax паведаміла, што з Малдовы быў выдалены намесьнік вайсковага аташэ Расеі Аляксандар Грудзін. У сакавіку гэтага году кіраўнік Службы бясьпекі Малдовы публічна абвінаваціў дыплямата ў спробе завэрбаваць былога дэпутата парлямэнта Малдовы Юрыя Бальбачану. Экс-дэпутата арыштавалі 17 сакавіка й абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе. Яму пагражае да 20 гадоў турмы.
Гэта ўжо другі выпадак выдаленьня расейскіх дыпляматаў на працягу апошніх дзён. У пятніцу дваіх расейскіх консулаў аб’явілі пэрсонамі нон-грата ў Эстоніі.
IAR/ап