Logo Polskiego Radia
Print

МЗС і Мінабароны Францыі зацікавіліся паводзінамі беларускіх уладаў

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 18.05.2017 20:22
  • МЗС і Мінабароны Францыі зацікавіліся паводзінамі беларускіх уладаў.mp3
Упершыню за доўгія гады ўлады Францыі замовілі дасьледаваньне зьнешняй і ўнутранай палітыкі Беларусі.
Вышэйшая вайсковая школа Францыі, Парыж. Фота: DXR/Daniel VorndranВышэйшая вайсковая школа Францыі, Парыж. Фота: DXR/Daniel Vorndranwikimedia commons/DXR/Daniel Vorndran/CC BY-SA 3.0

Міністэрства замежных справаў і міністэрства абароны Францыі пачалі з большай цікавасьцю сачыць за разьвіцьцём сытуацыі ў Беларусі. Пра гэта ў інтэрвію Польскаму радыё паведаміла Юлія Шукан – выкладчыца Унівэрсытэту Парыж-Нантэр і экспэрт парыскага Інстытуту сацыяльных дасьледаваньняў палітыкі. Юлія Шукан зьяўляецца аўтарам дасьледаваньня «Беларусь пасьля пачатку ўкраінскага крызысу: асьцярожнае ўтрыманьне нэўтралітэту паміж Расеяй і Эўразьвязам?» У апошнія тры гады Менск прыклаў шмат намаганьняў, каб дыстанцыявацца ад Крамля. Аднак стаць самастойным беларускае кіраўніцтва ня можа. Чаму? Пра гэта Юлія Шукан расказвае Аляксандру Папко.

Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне Менск прыклаў шмат намаганьняў, каб стаць больш аўтаномным у адносінах да Масквы. Але пашырэньне аўтаноміі абсалютна не азначае, што Беларусь перастала быць ваенным саюзьнікам Расеі ці радыкальна зьменшыла сваю эканамічную залежнасьць ад Масквы.

Пра гэта піша сацыёляг і палітычны дасьледчык Юлія Шукан. Ураджэнка Менска й выкладчыца ўнівэрсытэту Парыж-Нантэр прааналізавала перамены, якія наступілі ў зьнешняй і ўнутранай палітыцы Беларусі пасьля 2014 году. Дасьледаваньне было праведзенае на замову Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Вышэйшай вайсковай школы Францыі (École Militaire).

Аўтанамізацыя Беларусі мае свае абмежаваньні – папярэджвае францускіх чытачоў аўтарка аналітычнага дакладу. Менск балянсуе на мяжы «чырвоных лініяў», якія ён ня зможа перайсьці – перакананая Юлія Шукан.

Юлія
Юлія Шукан. Фота:Cyrille P. Clement

Юлія Шукан: Вельмі паказальнай мне падаецца фраза, якую Лукашэнка сказаў у адным з інтэрвію. Паводле яго словаў, Украіна «справакавала» Расею. Менавіта ў такім ключы беларускае кіраўніцтва вызначыла для сябе «чырвоныя лініі». Прыклады такіх лініяў мы бачым у розных сфэрах. Напрыклад, у інфармацыйнай палітыцы. Беларускія ўлады спыняюць спробы антыбеларускай рыторыкі ў некаторых СМІ, але пры гэтым яны працягваюць будаваць сумесную інфармацыйную прастору з Расеяй, нягледзячы на мэдыяканфлікты. Іншая «чырвоная лінія» знаходзіцца ў сфэры вайсковага супрацоўніцтва. Беларускае кіраўніцтва адмовілася разьмяшчаць у краіне расейскую авіябазу, але Беларусь ня можа выйсьці з ваенных альянсаў, ня можа паставіць пад сумнеў ваеннае супрацоўніцтва з Масквой. Ужо ў верасьні гэтага году на тэрыторыі Беларусі адбудуцца маштабныя сумесныя вучэньні «Захад-2017».

Францускі ўрад зацікавіўся сытуацыяй у Беларусі пасьля таго, як Расея пачала агрэсію супраць Украіны. Дастаткова стрыманая пазыцыя Менска ў гэтым канфлікце выклікала зьдзіўленьне заходніх урадаў. Упершыню за многа гадоў францускае кіраўніцтва замовіла дасьледаваньне, прысьвечанае Беларусі – зазначае сацыёляг.

Юлія Шукан: Галоўная аўдыторыя гэтага аналітычнага дакладу – не акадэмічная супольнасьць, а супрацоўнікі Міністэрства замежных справаў і Міністэрства абароны. У Францыі сапраўды ёсьць цікавасьць да падзеяў у Беларусі. Я не магу сказаць, што гэты інтарэс вялікі, але ён зьявіўся зусім нядаўна – пасьля пачатку ўкраінскага крызысу. Зьвязаны ён з дастаткова нэўтральным стратэгічным пазыцыянаваньнем Лукашэнкі. Гэтая нэўтральнасьць прынесла яму адчувальныя дывідэнды. Менавіта такая палітыка й выклікала зацікаўленасьць уладаў Францыі. Замова на 40-старонкавы аналіз беларускай палітыкі зьявілася ўпершыню за многа гадоў.

Пасьля 2014 году беларускія ўлады пачалі ўспрымаць Расею як непазьбежнага, але непрадказальнага й нават небясьпечнага партнэра – піша ў сваім дакладзе Юлія Шукан. Новая ваенная дактрына Беларусі не ўказвае наўпрост на Расею як на крыніцу небясьпекі. Пры гэтым у сьпісе пагрозаў разам з празаходнімі «каляровымі рэвалюцыямі», якіх традыцыйна баіцца Менск, зьявіліся і ўлюбёныя інструмэнты Крамля – такія, як інфармацыйная вайна ці высылка сумнавядомых «зялёных чалавечкаў».

Беларускае кіраўніцтва стала больш увагі надаваць працы падразьдзяленьняў, скіраваных на барацьбу з дывэрсантамі й тэрарыстамі. Пры гэтым зьмены ў культурнай ды інфармацыйнай палітыцы ў апошнія гады былі нязначнымі – адзначае дасьледчыца.

Беларускі ўрад відавочна баіцца абмяжоўваць вяшчаньне расейскіх мэдыярэсурсаў і ўзмацняць пазыцыі беларускай мовы й культуры. Менск мяркуе, што абмежаваньне культурнага ўплыву Расеі выкліча найбольш рэзкую рэакцыю Крамля.

Пасьля 2014 году Аляксандар Лукашэнка істотна дывэрсыфікаваў зьнешнюю палітыку. Менск пачаў з Эўразьвязам «дэпалітызаванае» супрацоўніцтва па шэрагу тэхнічных пытаньняў. Сярод іх – разьвіцьцё транспартных шляхоў і энэргетыкі, ахова мяжы, прыцягненьне заходніх інвэстыцыяў.

Эўразьвяз адмяніў санкцыі супраць беларускага ўраду й перастаў востра крытыкаваць Менск за парушэньні грамадзянскіх свабодаў. Аднак нельга чакаць, што узамен за захаваньне дыстанцыі ад Масквы, Эўразьвяз даруе Лукашэнку любыя рэпрэсіі. Эўропа таксама мае свае «чырвоныя лініі», хоць і адсунула іх далей – лічыць Юля Шукан.

Юля Шукан: У Беларусі, у адрозьненьне, напрыклад, ад Азэрбайджану, няма нафты, таму прагматызм эўрапейскіх краінаў тут мае выразныя абмежаваньні. Аднак нельга аспрэчваць, што рэакцыя Эўразьвязу пасьля разгону сакавіцкіх пратэстаў была вельмі стрыманай. На мой погляд, супрацоўнікі Эўракамісіі, якія займаюцца Беларусьсю, прыйшлі да высновы, што санкцыі як інструмэнт вычарпалі сябе, яны ня здольныя зьмяняць палітыку аўтарытарных рэжымаў. Эўразьвяз абурыўся незаконнымі затрыманьнямі, але ў афіцыйных заявах, напрыклад, не прагучала згадак пра справу «Белага легіёну». Аднак нельга сказаць, што Эўразьвяз увогуле забыўся пра правы чалавека і перастаў прыгадаць пра гэтую праблему. Менск таксама спрабуе не разрываць адносінаў з Эўразьвязам. Нядаўняя рэгістрацыя грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» – гэта дэманстрацыя таго, што Менск лічыць адносіны з Эўразьвязам важнымі.

Можна чакаць, што пасьля зьмены палітычнага кіраўніцтва Францыя пачне больш цікавіцца Ўсходняй Эўропай. Найбольшы інтарэс Парыж, натуральна, будзе праяўляць да сытуацыі а Ўкраіне, бо там працягваецца вельмі сур’ёзны ваенны канфлікт – кажа Юлія Шукан.

Новы прэзыдэнт Францыі намераны актыўна супрацоўнічаць з Нямеччынай, якая у найбольшай ступені вызначае палітыку ЭЗ ў стасунку да Беларусі, Расеі і Ўкраіны. «У Эманюэля Макрона ёсьць жаданьне сумесна з урадам Нямеччыны адыгрываць у гэтай палітыцы ключавую ролю», – падкрэсьлівае дасьледчыца.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт