Logo Polskiego Radia
Print

У Эўразьвязе адбываецца энэргетычная рэвалюцыя

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 17.05.2017 17:58
  • У Эўразьвязе адбываецца энэргетычная рэвалюцыя.mp3
Ужо праз 3-5 гадоў кошты энэргіі з аднаўляльных крыніц зраўняюцца з коштамі электрычнасьці, вырабленай на традыцыйных станцыях.
pixabay.com/CC0 Creative Commons/

У Эўрапейскім зьвязе адбываецца сапраўдная энэргетычная рэвалюцыя, і зьвязаная яна з выкарыстаньнем аднаўляльных крыніцаў энэргіі. Усяго праз 3-5 гадоў гады цэны на электраэнэргію, якая выпрацоўваецца ветравымі генэратарамі, сонечнымі панэлямі і станцыямі на біягазе могуць зраўняцца з цэнамі энэргіі, якую выпрацоўваюць традыцыйныя цеплавыя станцыі. Будучыня «зялёнай» энэргетыкі ў Эўразьвязе і ў Польшчы была тэмай адной з дыскусіяў, арганізаванай у рамках ІХ Эўрапейскага канамічнага кангрэсу, які завершыўся 12 траўня ў польскім горадзе Катавіцэ. Пра тое, як ветракі, сонечныя панэлі і ўстаноўкі на біягазе зьмяняюць і зьменяць эўрапейскую энэргетыку, польскімі экспэртамі размаўляе Аляксандар Папко.

Краіны Эўрапейскага зьвязу перажываюць сапраўдную энэргетычную рэвалюцыю, зьвязаную з хуткім разьвіцьцём аднаўляльных крыніцаў энэргіі. Навукоўцы прагназуюць, што ў бліжэйшыя 5 гадоў магутнасьць ветравых установак павялічыцца ў два разы. Пра гэта на Эўрапейскім эканамічным кангрэсе заявіў старшыня Польскай асацыяцыі ветравой энэргетыкі Януш Гаявецкі.

/

Януш Гаявецкі: Тэхнічны прагрэс радыкальна зьмяняе ветравую энэргетыку. Эфэктыўнасьць ветравых турбінаў, а таксама колькасьць энэргіі, якая на іх выпрацоўваецца, моцна павялічыліся. Толькі за апошнія 2-3 прадукцыйнасьць працы ветракоў вырасла на 30%. Гэта велізарны рост, сапраўдная рэвалюцыя. Турбіны павялічваюць выпрацоўку энэргіі, не павялічваючы забруджаньня навакольнага асяродзьдзя.

Доўгі час разьвіваць аднаўляльныя крыніцы энэргіі перашкаджаў высокі кошт энэргетычных установак. Сонечныя панэлі, ветракі ці цеплавыя ўстаноўкі на біягазе ўспрымаліся як дарагія цацкі, якія могуць сабе дазволіць толькі нешматлікія багатыя краіны, зацыкленыя на пытаньнях экалёгіі. Цяпер дарагавізна «зялёнай энэргетыкі» становіцца мітам.

У Польшчы кошты электраэнэргіі, выпрацаванай ветравымі генэратарамі, могуць зраўняцца з коштамі вытворчасьці электраэнэргіі на традыцыйных вугальных электрастанцыях ужо ў 2020 годзе. Такая ж цэнавая рэвалюцыя чакае й іншыя віды «зялёнай энэргіі» – кажа прадстаўніца Эўрапейскага банку рэканструкцыі й разьвіцьця Анна Хмялеўска.

/

Анна Хмялеўска: Вялікія ўстаноўкі на сонечных батарэях альбо вялікія ветравыя электрастанцыі, разьмешчаныя ў спрыяльных умовах, ужо могуць канкураваць з традыцыйнымі крыніцамі энэргіі. У нашых шыротах «зялёная энэргія» застаецца крыху даражэйшай за традыцыйную, аднак розьніца імкліва скарачаецца. Ужо вельмі хутка ветравыя ці сонечныя электрастанцыі будуць канкураваць плячо да пляча з цеплавымі, нават пасьля ўлучэньня ўсіх коштаў, зьвязаных з падключэньнем гэтых установак да энэргасеткі.

Іншай праблемай аднаўляльных крыніцаў энэргіі заўсёды зьяўлялася іх нестабільнасьць. Калі вецер ня дзьме й сонца ня сьвеціць, «зялёныя» энэргаўстаноўкі трэба падстрахоўваць. Дзякуючы інфарматызацыі, сёньня праблема нестабільнасьці выпрацоўкі энэргіі не страіць так востра – кажа Януш Гаявецкі.

Януш Гаявецкі: Ветравая энэргетыка – гэта дадатковая, у стасунку да традыцыйных, крыніца энэргіі. Гэтай энэргіяй трэба ўмець кіраваць. І польскія апэратары электрасетак умеюць гэта рабіць добра. Яны маюць вельмі дакладныя прагноз надвор’я. Можна са 100% дакладнасьцю прадказаць, як будзе зьмяняцца вецер на працягу бліжэйшых 8 гадзінаў. Такім чынам мы можам кіраваць энэргаўстаноўкамі й забясьпечваць стабільную вытворчасьць электраэнэргіі.

Прыхільнікі больш шырокага выкарыстаньня аднаўляльных крыніцаў энэргіі найчасьцей падкрэсьліваюць, што ўстаноўкі, якія выкарыстоўваюць энэргію вады, ветру, сонца ці біягаз, менш забруджваюць навакольнае асяродзьдзе. У прэсе часта гавораць і пра тое, што разьвіцьцё аднаўляльных крыніц энэргіі стымулюе тэхнічны прагрэс. Аднак існуе яшчэ адзін вельмі важны аргумэнт на карысьць ветракоў і сонечных панэляў.

«Зялёныя» крыніцы энэргіі ўзмацняюць энэргетычную бясьпеку краіны. Яны робяць энэргасыстэму больш дэцэнтралізаванай, самадастатковай і стабільнай – кажа старшыня Польскай асацыяцыі ветравой энэргетыкі Януш Гаявецкі.

Януш Гаявецкі: Велізарная перавага аднаўляльных крыніцаў энэргіі заключаецца ў тым, што яны запэўніваюць бясьпеку нацыянальнай энэргасыстэмы на рэгіянальным і лякальным узроўні. У сытуацыі, калі пастаўкі энэргіі з электрастанцыяў перарываюцца ў выніку аварыі, ветравыя, сонечныя ды іншыя энэргаўстаноўкі запэўніваюць бесьперабойную пастаўку энэргіі населеным пунктам і рэгіёнам. Менавіта таму мы павінныя разьвіваць альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі.

Энэргетычныя сыстэмы краінаў Эўразьвязу разьвіваюцца ў кірунку дэцэнтралізацыі. Кожнае паселішча альбо нават фэрмэрская гаспадарка ці завод неўзабаве будзе мець сваю ўласную крыніцу энэргіі. Дакладней, крыніц будзе некалькі, і яны будуць дапаўняць адна адну. Калі для гораду больш падыходзіць спалучэньне ветравых установак з традыцыйнымі вугальнымі ці газавымі электрастанцыямі, то фэрмэры могуць выкарыстоўваць ветравыя генэратары ды ўстаноўкі на біягазе – кажа Анна Хмялеўска.

Анна Хмялеўска: Новыя энэргетычныя ўстаноўкі могуць дапамагчы гарадам, напрыклад, перапрацоўваць бытавое сьмецьце. Яны могуць вырабляць цеплавую энэргію для сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, дробных заводаў. У такім выпадку выдаткі на пабудову энэргетычнай устаноўкі адразу пакрываюць частку выдаткаў на перапрацоўку адходаў. А гэта зьніжае кошты энэргіі, якую выпрацоўваюць такія ўстаноўкі.

Энэргасыстэма краінаў Эўразьвязу ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі радыкальна зьменіць свой выгляд – кажуць экспэрты. Яна ўжо ня будзе складацца выключна з вялікіх «традыцыйных» электрастанцыяў, ад якіх ва ўсе куткі дзяржавы разыходзяцца магутныя электралініі. Вельмі значную частку энэргіі будуць выпрацоўваць малыя ўстаноўкі, спалучаныя паміж сабой. Прычым вырабляць яны будуць роўна столькі энэргіі, колькі патрэбна спажыўцу.

Інфармацыйныя тэхналёгіі дазволяць кіраваць гэтай складанай дэцэнтралізаванай сыстэмай. Кампутарныя праграмы будуць перанакіроўваць лішкі энэргіі й дапамогуць кампэнсаваць недаборы. Такім чынам будзе забясьпечана ўстойлівасьць энэргетычнай сыстэмы. Энэргасыстэмы стануць нашмат больш экалягічнымі й ашчаднымі. У выніку попыт на імпарт энэргарэсурсаў спадзе, а некаторыя эўрапейскія краіны стануць абсалютна самадастатковымі.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт