На прэзыдэнцкіх выбарах у Францыі перамог 39-гадовы Эманюэль Макрон. Ён стане самым маладым кіраўніком Францускай Рэспублікі з часоў Напалеона Банапарта. Праграма Макрона спалучае ідэі эканамічных свабодаў і моцнай сацыяльнай палітыкі. Ён абяцае ўзмацніць Эўразьвяз і быць актыўным на міжнароднай арэне. Аднак краіна, на чале якой стане новы прэзыдэнт, перажывае не самыя лепшыя часы сваёй гісторыі. Як перамогу Макрона ўспрынялі тыя, хто прасоўвае інтарэсы Францыі ва Ўсходняй Эўропе? Якія надзеі ўскладаюць на новага прэзыдэнта французы? Пра гэта ў гасьцей выбарчага вечара, арганізаванага ў Варшаве Польска-францускай гандлёвай палатай і амбасадай Францыі, запытаўся Аляксандар Папко.
За лібэрала Эманюэля Макрона, лідара руху «Наперад» (En marche!) аддалі галасы 66% французаў. Яго канкурэнтка Марын Лё Пэн з ультраправага «Нацыянальнага фронту» (Front National) набрала 34% галасоў. Яўка склала 75%. Гэтыя прэзыдэнцкія выбары моцна скаланулі францускую палітыку. Кандыдаты традыцыйных правых і левых партыяў не прайшлі ў другі тур. Грамдзяне выбіралі паміж прадстаўніком новай лібэральнай палітычнай сілы й лідаркай крайнеправых.
Госьці выбарчага вечару ў Варшаве слухаюць выступ новаабранага прэзыдэнта Францыі.
Адразу пасьля абвяшчэньня перамогі на выбарах, Эманюэль Макрон паабяцаў, што будзе змагацца з «эканамічнымі праблемамі, сацыяльным падзелам, крызысам дэмакратыі ды маральным аслабленьнем Францыі». Крыху пазьней, падчас мітынгу ля сьценаў Луўра, Макрон падзякаваў сваім выбаршчыкам і зьвярнуўся да тых, хто галасаваў за Марын Лё Пэн. Новаабраны прэзыдэнт падкрэсьліў, што разумее іх незадаволенасьць сытуацыяй у Францыі, іх расчараваньне й злосьць. Ён паабяцаў, што зробіць усё, каб праз пяць гадоў «у іх не было ніякіх падставаў галасаваць за экстрэмістаў».
Акрамя таго, Эманюэль Макрон заявіў, што Францыя будзе «абараняць свабоду ў Эўропе й па ўсім сьвеце».
Эманюэль Макрон на мітынгу ля сьценаў Луўра. Фота: PAP/EPA/THOMAS SAMSON / POOL
Эманюэль Макрон: Эўропа і сьвет чакаюць, што мы будзем абараняць каштоўнасьці эпохі Асьветы, якія знаходзіцца пад пагрозай у шматлікіх кутках плянэты. Яны чакаюць, што паўсюль мы будзем абараняць свабоду, будзем абараняць прыгнечаных. Яны чакаюць, што мы прынясем новую надзею, новы гуманізм. Гэта надзея на сьвет, дзе будзе больш бясьпекі, дзе абароненыя свабоды, на сьвет эканамічнага росту, справядлівасьці й большай увагі да экалёгіі. Яны чакаюць, каб мы нарэшце сталі самімі сабой!
Марын Лё Пэн пасьля аб’яўленья вынікаў выбараў заявіла, што саюз партыяў, які яна ўзначальвае, стане самай моцнай апазыцыйнай сілай Францыі.
Госьць выбарчага вечару ў Варшаве глядзіць трансляцыю прэс-канфэрэнцыі Марын Лё Пэн.
Марын Лё Пэн: Масавай падтрымкай, якой мы яшчэ ня бачылі ў гісторыі, французы прызначылі «Патрыятычны рэспубліканскі альянс» галоўнай сілай, якая будзе супрацьстаяць плянам новага прэзыдэнта. А тыя палітычныя сілы, якія вырашылі падтрымаць спадара Макрона, дыскрэдытавалі сябе й страцілі права называцца прыхільнікамі пераменаў і сапраўднай апазыцыяй існуючаму ладу.
Дыпляматы сустрэлі перамогу Макрона з яўнай палёгкай. «Гэта выразны выбар у кірунку Эўропы, Рэспублікі й яе каштоўнасьцяў», – заявіў журналістам амбасадар Францыі ў Польшчы П’ер Леві (Pierre Lévy).
Палітычныя аглядальнікі чакаюць, што новы прэзыдэнт узмоцніць француска-нямецкае супрацоўніцтва, паспрыяе паглыбленьню эканамічнай і палітычнай інтэграцыі ў Эўропе. Дыпляматы спадзяюцца, што Францыя і Эўразьвяз стануць больш актыўнымі на міжнароднай арэне, у тым ліку ва Ўсходняй Эўропе.
Амбасадар П'ер Леві
П’ер Леві: Зьнешняя палітыка Францыі будзе праводзіцца ў рамках Эўрапейскага зьвязу. Эманюэль Макрон вельмі выразна заявіў, што ўзмоцніць удзел Францыі ў справах аб’яднанай Эўропы. Што тычыцца палітыкі ў стасунку да Расеі, то яна заключаецца ў правядзеньні дыялёгу пры адначасова жорсткай пазыцыі, якая датычыць утрыманьня санкцыяў, уведзеных пасьля пачатку ўкраінскага крызысу. […] Пытаньне, аднак, ня ў тым, каб быць прарасейскім альбо антырасейскім. Галоўнае – каб прынцыпы міжнароднага права не парушаліся й каб інтарэсы Эўропы, асабліва ў галіне бясьпекі, паважаліся.
Францускі бізнэс у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе таксама рады перамозе Эманюэля Макрона. Яго абраньне азначае, што ніхто ў Эўразьвязе ня будзе ўводзіць гандлёвых бар’ераў. Таму краіны на ўсходнім крыле ЭЗ змогуць карыстацца з супольнага эўрапейскага рынку й хутка разьвівацца.
Прадпрымальнікі чакаюць ад новага прэзыдэнта прадказальнай падатковай палітыкі, а таксама рэформаў, якія падштурхнуць эканоміку, але не разбураць францускай сацыяльнай мадэлі – кажа старшыня назіральнай рады канцэрна Auchan у Польшчы і Ўкраіне Франсуа Каламб’е (François Colombié).
Франсуа Каламб’е
Франсуа Каламб’е: Сьвет зьмяняецца. Інфармацыйная рэвалюцыя ўжо адбылася. І законы, і працу фірмаў трэба дастасаваць да новай рэальнасьці. Нам трэба нашмат больш гнуткасьці ды эканамічнай свабоды. Але адначасова французы моцна прывязаныя да сваёй сацыяльнай мадэлі эканомікі. Таму мне хацелася б, каб Макрон захаваў сацыяльны мір, пачаў дыялёг, рэалізаваў рэформы, якія б не былі ані занадта левымі, ані занадта правымі. Я спадзяюся кансэнсусу, але шлях да яго яшчэ доўгі.
Сытуацыя ў Францыі, якую неўзабаве ўзначаліць Эманюэль Макрон, цяжка назваць ідэальнай. Краіна моцна падзеленая палітычна. У першым туры прэзыдэнцкіх выбараў 40% грамадзянаў прагаласавала за правых і левых радыкалаў, якія ставяць пад сумнеў прынцыпы прававой дзяржавы й рынкавай эканомікі. Прычыны глыбокай незадаволенасьці французаў тлумачыць старшыня праўленьня ІТ-кампаніі SII Polska Грэгуар Ніто (Gregoire Nitot).
Грэгуар Ніто
Грэгуар Ніто: Францыя – гэта краіна, у якой на працягу апошніх 30 гадоў было вельмі няўдалае кіраўніцтва. Вынікам стала высокае беспрацоўе, адсутнасьць веры ў будучыню, адсутнасьць сацыяльнага разьвіцьця. Краіна бюракратызаваная, дзяржава выдаткоўвае грошы неэфэктыўна, усталёўвае высокія падаткі. Гэта абмяжоўвае ініцыятыву, эканамічную свабоду й інвэстыцыі. Францыя ня можа мадэрнізавацца. І французы ад гэтага стаміліся. Яны стаміліся ад таго, што ня могуць набыць жыло, што ня могуць знайсьці працу, што плацяць высокія рахункі. Па гэтай прычыне шмат хто галасуе за павых ці левых радыкалаў.
Наколькі маштабнай і актыўнай будзе замежная палітыка Францыі, залежыць ня толькі ад амбіцыяў прэзыдэнта, але і ад складу парлямэнту – тлумачыць дырэктар польска-францускай гандлёвай палаты Моніка Канстан (Monika Constant). Першы тур выбараў у Нацыянальную асамблею Францыі пройдзе ўжо 11 чэрвеня.
Моніка Канстан
Моніка Канстан: Цяпер Эманюэль Макрон толькі пачынае фармаваць свой будучы ўрад. Вельмі важнымі будуць вынікі парлямэнцкіх выбараў, якія пройдуць у Францыі ўжо праз некалькі тыдняў. Яны акажуць вырашальны ўплыў на працу Эманюэля Макрона на пасадзе прэзыдэнта. Прэзыдэнт у Францыі мае моцную пазыцыю, але ён залежыць ад супрацоўніцтва з парлямэнтам. Эманюэлю Макрону трэба будзе стварыць шырокую кааліцыю з рознымі палітычнымі сіламі. Іначай, яго ініцыятывы на пасадзе прэзыдэнта могуць быць заблякаваныя.
Эманюэль Макрон, пачаў выбарчую кампанію 10 месяцаў таму з чыстага ліста, ня маючы ўласнай партыі й актывістаў. Цяпер яго палітычная сіла «Наперад» мае шанцы атрымаць каля 50% у новым парлямэнце. У кожным выпадку, зьнешняя палітыка Францыі будзе праэўрапейскай і даволі заўважальнай – у тым ліку і ў Беларусі.
Эманюэль Макрон на мітынгу ля сьценаў Луўра. Фота: PAP/EPA/PHILIPPE WOJAZER / POOL
Аляксандар Папко