Аляксандар Лукшэнка правёў вялікую прэс-канфэрэнцыю для журналістаў кітайскіх СМІ. Экспэрты лічаць гэтую сустрэчу прыкметай істотных пераменаў у беларускай зьнешняй палітыцы. У чым заключаюцца гэтыя перамены? Ці размова з кітайскімі журналістамі падштурхне беларускі экспарт? На гэтыя тэмы Аляксандар Папко размаўляе з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Класкоўскім і аналітыкам Цэнтру Астрагорскага Ігарам Губарэвічам.
У сёньняшняй сустрэчы з кіраўніком Беларусі, якая прайшла ў Палацы Незалежнасьці, удзельнічалі каля 40 журналістаў. Яны прадстаўлялі як рэгіянальную прэсу, так і найбуйнейшыя СМІ Кітая – перадае афіцыйнае інфармагенцтва БЕЛТА. Сярод запрошаных журналістаў былі супрацоўнікі інфармагенцтва «Сіньхуа» газэтаў «Жэньмінь Жыбао» і «Чайна Дэйлі», а таксама Цэнтральнага тэлебачаньня Кітая.
Раней такія вялікія прэс-канфэрэнцыі Лукашэнка ладзіў выключна для расейскай цэнтральнай і рэгіянальнай прэсы. Рабіліся яны, каб стварыць у Расеі прыязны інфармацыйны фон напярэдадні важных для Менска перамоваў – напрыклад, перад падпісаньнем нафтагазавых пагадненьняў.
Цяпер добра выпрабаваную схему Аляксандар Лукашэнка намераны выкарыстаць у Кітаі. У траўні беларускі кіраўнік адправіцца ў Паднябесную на саміт «Адзін пояс, адзін шлях». Аднак наўрад ці сустрэча Лукашэнкі з кітайскімі журналістамі будзе мець моцны водгук у самім Кітаі – мяркуе экспэрт Цэнтру Астрагорскага Ігар Губарэвіч.
Ігар Губарэвіч: Беларусь не настолькі цікавая й блізкая сярэднестатыстычнаму кітайцу, як яна цікавая й блізкая сярэднестатыстычнаму расейцу. Па выніках гэтай паездкі кітайскія журналісты падрыхтуюць публікацыі ў цэнтральных і рэгіянальных СМІ, але наўрад ці інфармацыйны розгалас акажа нейкі ўплыў на кітайскае кіраўніцтва. Эфэкт будзе тым меншы, што гэта будзе сустрэча не ў двухбаковым фармаце, а ўдзел у міжнародным саміце.
Нягледзячы на патэнцыйна невялікі эфэкт ад сустрэчы, запрашэньне кітайскіх журналістаў мае вялікае сымбалічнае значэньне – лічыць кіраўнік аналітычных праектаў інфармагенцтва БелаПАН Аляксандар Класкоўскі. Прэс-канфэрэнцыя для кітайскіх журналістаў сьведчыць пра значную перамену ў замежнай палітыцы Беларусі – кажа Аляксандар Класкоўскі.
Аляксандар Класкоўскі: Расейскіх крэдытаў і субсыдыяў, становіцца недастаткова, каб уратаваць беларускую эканамчную мадэль Таму стаўка ўсё больш робіцца на Кітай. Такі пераход адбываецца ня толькі ў эканамічнай, але і ў вайсковай супрацы. Лукашэнка неаднойчы скардзіўся, што расейцы не даюць сучаснага ўзбраеньня. А вось кітайцы дапамаглі стварыць сыстэму залпавага агню «Палянэз».
Кітайскім журналістам беларускае кіраўніцтва паказала перадавыя прадпрыемствы: беларуска-кітайскі завод па вытворчасьці аўтамабіляў «БелДжы», завод БелАЗ, індустрыяльны парк «Вялікі камень», фабрыку малакапрадуктаў «Бабуліна крынка». Аднак у сваіх камэнтарах беларускім дзяржаўным СМІ ўдзельнікі прэс-туру больш захапляліся славутай чысьцінёй беларускіх гарадоў, чым суперсучаснай вытворчасьцю. Адна з прычынаў можа крыцца ў тым, што Кітай у пляне тэхналёгіяў даўно абышоў Беларусь. Зьдзівіць гасьцей з Паднябеснай беларускі ўрад ня можа – мяркуе Аляксандар Класкоўскі.
Аляксандар Класкоўскі: Сёньня Кітай дапамагае Беларусі ствараць сучасную зброю, а яшчэ дваццаць гадоў таму ўсё было дакладна наадварот: Кітай закупляў вайсковую тэхніку, усё разьбіралі да вінціка й капіявалі. Сёньня ўжо беларускія прадпрыемствы выпускаюць кітайскія аўтамабілі (я маю на ўвазе «БелДжы»). Таму вазіць кітайцаў па перадавых фэрмах і думаць, што расказы пра заробкі даярак у 800 даляраў уразяць кітайцаў – наіўна. Для Кітая Беларусь – гэта ня нейкая перадавая эўрапейская краіна, а даволі правінцыяльны «шматок зямлі», як кажа Лукашэнка.
Падчас прэс-канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў падкрэсьліваў, што дзьвюм краінам неабходна ўзмацніць гандлёвае супрацоўніцтва. Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў, што ад аднаго экспарту кітайска-беларускага індустрыяльнага парку Менск намераны атрымаць «прыток валюты на ўзроўні 50 мільярдаў даляраў».
Такія лічбы экспэртаў бянтэжаць. Увесь экспарт Беларусі за 2016 год склаў 23 мільярды даляраў. У мінулым годзе Беларусь прадала ў Кітай тавараў на 480 мільёнаў даляраў. Імпартавалі ж з Кітая ў 5 разоў больш – 2,3 мільярды.
Беларускае кіраўніцтва ўжо дзесяць гадоў намагаецца павялічыць экспарт, але пакуль беспасьпяхова – кажа Ігар Губарэвіч.
Ігар Губарэвіч: Праект тэхнапарку «Вялікі камень» пакуль не спрацаваў. Зайдзіце на яго сайт – вы ўбачыце інфармацыю пра 7 «рэзыдэнтаў і партнэраў». Там не ўказана нават дакладная лічба рэзыдэнтаў парку. Гэты праект «прабуксоўвае» разам зь беларускім экспартам у Кітай, які складае менш за палову мільярда даляраў. Гэта толькі 5% ад агульнага абʼёму беларускага экспарту. Кітай – адна з самых вялікіх і дынамічных эканомік сьвету – зьяўляецца ўсяго толькі восьмым паводле значнасьці экспартным партнэрам Беларусі. Таму ў фразах Аляксандра Лукашэнкі прарываецца боль, адчай і занепакоенасьць сьціплымі вынікамі гандлю. Каб паправіць гэтую сытуацыю й быў арганізаваны прэс-тур.
Экспарт Беларусі ў Кітай застаецца сыравінным. Амаль на 80% ён складаецца з калійных угнаеньняў. Яшчэ каля 10% складае сынтэтычная сыравіна – поліаміды й капраляктам. Павялічыць экспарт беларускіх прадуктаў у Кітай вельмі цяжка з-за няведаньня мясцовага рынку – лічыць Ігар Губарэвіч.
Ігар Губарэвіч: На кітайскі рынак вельмі цяжка прабіцца. Патрэбна веданьне кітайскай мовы, веданьне мясцовых рэаліяў і моцная падтрымка дзяржавы – значна мацнейшая, чым ёсьць сёньня. Таксама неабходна мець больш эканамічнай свабоды ўнутры самой Беларусі. Шмат гадоў беларускай дзяржава стараецца павялічыць і дывэрсыфікаваць экспарт, але ён па-ранейшаму застаецца сыравінным.
Нэгатыўнае сальда беларускага гандлю з Кітаем і сыравінная арыентацыя беларускага экспарту ў Паднябесную – гэта ня столькі вынік слабага маркетынгу, колькі агульнай неканкурэнтаздольнасьці беларускіх прадпрыемстваў – лічыць Алякснадар Класкоўскі. Беларускім заводам проста няма чаго прапанаваць кітайскм спажыўцам.
Спадзяваньні на тое, што Менск стане магутным пляцдармам для кітайскіх інвэстыцыяў ці павялічыць экспарт у Кітай на сёньня зьяўляюцца ілюзіяй – кажа Аляксандар Класкоўскі. Кітай гатовы ператварыць Беларусь у вялікі склад на «шаўковым шляху» з Азіі ў Эўропу. Аднак невядома, ці атрымае з гэтага выгаду Беларусь. Пэкін паводзіць сябе прагматычна. Ён укладае сродкі толькі туды, дзе бачыць камэрцыйную выгаду. У адрозьненьне ад Расеі, ён не гатовы даць Менску грошы за абяцаньні «не пусьціць танкі NATO на Пэкін» – іранічна падсумаваў Аляксандар Класкоўскі.
Аляксандар Папко