Польскія левыя сілы адзначылі Першамай
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
01.05.2017 15:57
Лідар польскіх сацыял-дэмакратаў: Умовы працы ў Польшчы пакідаюць жадаць лепшага.
Ян Гуз (зьлева) і Ўладзімеж Чажасты (справа) на першамайскай маніфэстацыі ў Варшаве
PAP/Radek Pietruszka
Прадстаўнікі прафсаюзаў, а таксама палітыкі Саюзу левых дэмакратычных сіл (СЛДС) і іншых арганізацый левай арыентацыі прынялі ўдзел у Варшаве ў мітынгу й шэсьці з нагоды Першамая. Яны правялі мітынг у цэнтры польскай сталіцы, а затым прайшлі першамайскім шэсьцем на Замкавую плошчу, дзе адбыўся сьвяточны канцэрт. У гэтым годзе 1-га мая польскія левыя адзначылі пад лёзунгам «Вярнуць годную працу».
Лідар Усяпольскага пагадненьня прафсаюзаў (OPZZ) Ян Гуз крытычна ацаніў сытуацыю на рынку працы й становішча шматлікіх груп працоўных. На яго думку, нягледзячы на прагрэс у забесьпячэньні поўных правоў наёмным работнікам у Польшчы, у гэтай галіне трэба яшчэ шмат што зрабіць. Ян Гуз таксама зьвярнуў увагу на вялікую колькасьць няшчасных выпадкаў на вытворчасьці, у тым ліку зь цяжкімі наступствамі. У 2016 годзе іх было амаль 88 тыс.
У сваю чаргу старшыня найбуйнейшай польскай сацыял-дэмакратычнай партыі СЛДС Уладзімеж Чажасты (Włodzimierz Czarzasty) сказаў у эфіры Польскага радыё, што ўмовы працы ў Польшчы пакідаюць жадаць лепшага. Старшыня польскіх сацыял-дэмакратаў падкрэсьліў таксама, што яго партыя зьяўляецца прыхільнікам таго, каб бяднейшыя палякі плацілі меншыя падаткі.
вс