Да жонкі й малога сына палітоляга Лагвінца прыйшла «сацыяльная праверка»
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
28.04.2017 15:44
Настаўнікі праверылі «сацыяльнае становішча» сям’і, дзе бацька быў пакараны па палітычных матывах.
Вераніка Мазуркевіч, Алесь Лагвінец і іх маленькі сын Ўладзімір. Фота Зьмітра Русака. Зьміцер Русак/nn.by
Настаўніцы 218-й менскай школы прыйшлі ў дом да былога намесьніка старшыні Руху «За Свабоду» палітоляга Алеся Лагвінца й яго жонкі Веранікі Мазуркевіч, каб праверыць ці не знаходзіцца іх гадавалае дзіця ў «сацыяльна небясьпечным становішчы». Свой візыт двое пэдагогаў патлумачылі пастановай, якая прыйшла ім з суду.
Настаўніцы перапісалі мэблю ў кватэры грамадзкага дзеяча й праверылі, ці на вокнах ёсьць фіранкі. З размовы пэдагогаў Вераніка Мазуркевіч зразумела, што сярод сем’яў, якія ім загадалі спраўдзіць, знаходзяцца некалькі сем’яў, дзе бацькі былі пакараныя за ўдзел у нядаўніх палітычных пратэстах.
Вераніка Мазуркевіч: Яны зайшлі ў кватэру й пачалі зачытваць мне пастанову суду. Пасьля гэтага яны папрасілі мне «патлумачыць паводзіны мужа». Яны папрасілі мяне паўплываць на мужа, таму, што «калі працягнуцца такія выпадкі», то нашую сям’ю могуць паставіць на ўлік як небясьпечную для малога дзіцяці. У любым выпадку, іх прыход быў скіраваны на тое, каб запужаць, нейкім чынам паўплываць на бацькоў, для якіх, безумоўна, самае дарагое – гэта дзеці.
23 сакавіка Алеся Лагвінца выкралі й зьбілі амапаўцы ў цывільным. Чатыры дні ён правёў пад вартай у шпіталі, пасьля чаго судзьдзя суду Маскоўскага раёна Менска Віктар Казак пакараў яго 10 суткамі арышту. На судзе амапаўцы заяўлялі, што палітоляг «лаяўся матам», а пералом носу й чэрапна-мазгавую траўму Алесь Лагвінец атрымаў, бо «сам біўся галавой аб крэсла ў службовай машыне».
ап