Logo Polskiego Radia
Print

«Расейская мафія – нешта большае, чым арганізаваная злачыннасьць»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 26.04.2017 18:33
  • Расейская мафія – нешта большае, чым арганізаваная злачыннасьць.mp3
Дасьледчык расейскай мафіі Марк Галеоці расказвае, як арганізаваную злачыннасьць у Эўропе выкарыстоўваюць расейскія спэцслужбы.
wikimedia commons/ Mark Galeotti (Own work)/ CC BY-SA 3.0

Расейская мафія ў Эўразьвязе – гэта ня толькі праблема праваахоўнікаў, але й праблема нацыянальнай бясьпекі. Крыміналітэт усё часьцей выкарыстоўваюць у сваіх мэтах расейскія спэцслужбы. Пра гэта заяўляе брытанскі палітоляг, дасьледчык арганізаванай злачыннасьці Марк Галеоці ў сваім новым дакладзе, апублікаваным Эўрапейскай радай замежных стасункаў. У якіх краінах расейская мафія найбольш актыўная? Чаму ў незаконных схемах крымінальных групаў важнае месца займае Беларусь? Чаму для перамогі над расейскімі гангстэрамі варта выкарыстоўваць мэтады, якія выкарыстоўваюць для барацьбы з тэрарызмам? На гэтыя тэмы з Маркам Галеоці размаўляе Аляксандар Папко.

Спадар Марк, у сваім аналітычным артыкуле вы не ўжываеце прывычнага выразу «расейская мафія», а ўводзіце новы тэрмін «крымінальныя групы, якія базуюцца ў Расеі» (Russian-based organised crime groups). Якая паміж імі розьніца?

Марк Галеоці: Я паспрабаваў стварыць тэрмін, які лепш адпавядае мэце майго дасьледаваньня: паказаць як арганізаваную злачыннасьць можа выкарыстоўваць расейская выведка. У Эўразьвязе ёсьць злачынныя групы, якія складаюцца з этнічных расейцаў, а таксама групоўкі, якія некалі працавалі ў Расеі – напрыклад, грузінскія. Многія зь іх ужо страцілі ўсе сувязі з Расеяй. Але ёсьць і злачынныя групоўкі, чые ўдзельнікі маюць у Расеі сем’і, бізнэс-інтарэсы, альбо, напрыклад, залежаць ад паставак адтуль. Гэта значыць, што расейскія ўлады маюць на іх рычагі ўплыву. Акурат такія групоўкі выкарыстоўваюць расейскія службы выведкі. Я выкарыстоўваю тэрмін «крымінальныя групы, якія базуюцца ў Расеі», каб адрозьніць тых, каго могуць выкарыстоўваць расейскія шпіёны, ад тых, каго яны выкарыстоўваць ня могуць.

У сваім аналізе вы сьцьвярджаеце, што за апошнія 15 гадоў расейскія злачынныя групоўкі ў Эўропе зьмянілі сваю тактыку. Калі раней яны вялі выключна крымінальны «бізнэс», то цяпер яны зьніклі з вуліцаў, часткова перайшлі ў «белую» эканоміку, а таксама зьліліся са спэцыяльнымі службамі.

Марк Галеоці: Я б не сказаў, што яны зьліліся. Расейскія спэцслужбы па-ранейшаму аддзеленыя ад мафіі. Калі крымінальныя групы з Расеі ў 1990-я гады прыйшлі ў Эўропу, яны прыйшлі як захопнікі. Яны прыйшлі ў Польшчу, краіны Балтыі, іншыя дзяржавы з намерам захапіць крымінальны рынак і стварыць уласныя імпэрыі. Аднак яны пацярпелі паразу. Іх выціснулі з гэтых краінаў мясцовыя бандыты, а таксама мясцовая паліцыя ды спэцслужбы. Таму на пачатку 2000-х расейскія крымінальныя групы зьмянілі тактыку. Калі раней яны былі захопнікамі, то цяпер яны сталі пасярэднікамі. Яны пачалі казаць мясцовым крымінальным групам: «Што вам патрэбна? Зброя, аўганскі гераін, высакаклясныя хакеры? Мы можам даць вам абсалютна ўсё, што пажадаеце!» Такая мадэль адносінаў стала магчымай, бо ў Расеі арганізаваная злачыннасьць стала вельмі складаным фэномэнам, які перасякаецца са сьветам бізнэсу й часта – са сьветам палітыкі.

Раней у расейскім крымінальным сьвеце дамінавалі сумнавядомыя вялікія групоўкі, такія як Сонцаўская, Тамбоўская, «Уралмаш». Ці маглі б вы назваць вялікія расейскія крымінальныя групоўкі, якія дзейнічаюць у Эўразьвязе, калі такія ёсьць?

Марк Галеоці: Некаторыя са старых групаў, такія, як Сонцаўская групоўка з Масквы, альбо Тамбоўская групоўка, якая базуецца ў Пецярбургу, сапраўды дзейнічаюць у Эўропе. Аднак у большасьці выпадкаў – гэта ўжо не кансалідаваныя банды, а хутчэй сеткі адносна слаба зьвязаных крымінальных групаў. У гэтыя сеткі ўваходзяць групоўкі з Расеі, Грузіі, мясцовы крыміналітэт. Гэта больш эканамічныя адносіны, чым «старыя добрыя» банды, якія змагаліся за тэрыторыю.

Фота:
Фота: European Council on Foreign Relations - ecfr.eu


У якіх эўрапейскіх краінах, на вашую думку, расейскія крымінальныя групы найбольш актыўныя?

Марк Галеоці: Гэта тыя краіны, дзе пражывае вялікая дыяспара з постсавецкага рэгіёну. Таксама расейскія гангстэры дзейнічаюць у краінах, празь якія ідзе транзыт наркотыкаў, грошай ці людзей. Напрыклад, на балтыйскім узьбярэжжы галоўным горадам, дзе перакрыжоўваюцца патокі кантрабанды й грошай, зьяўляецца Рыга. Шмат нелегальнага трафіку праходзіць праз Швэцыю й Фінляндыю. Нямеччына – з прычыны багацьця сваёй эканомікі – стала краінай, дзе канцэнтруецца шмат наркотыкаў, мафійных грошай і нелегальных мігрантаў. На поўдні Эўропы расейская мафія найбольш актыўная ў Баўгарыі й Грэцыі, дзе пражывае шмат выхадцаў з Расеі. Мы можам убачыць расейскія крымінальныя групы на Кіпры, у Гішпаніі. Расейскія крымінальныя грошы можна знайсьці на рахунках лёнданскіх банкаў. Няма ніводнай эўрапейскай краіны, дзе б расейскія мафіёзі нават ня столькі «прамышлялі» на вуліцах, колькі працавалі з бандамі, якія «прамышляюць» на вуліцах.

У сваім тэксьце вы ўзгадалі такія краіны, як Беларусь, Польшча, краіны Балтыі. Якая іх роля ў гэтым крымінальным бізнэсе?

Марк Галеоці: Цікава, што Беларусь стала важнай транзытнай краінай для расейскіх крымінальных групаў нядаўна – у 2014 годзе, пасьля таго, як Эўразьвяз увёў санкцыі, а Расея ў адказ увяла эмбарга на пастаўкі эўрапейскіх прадуктаў. Расейцы пачалі выкарыстоўваць Беларусь, каб выводзіць свае грошы з радзімы, абыходзіць эўрапейскія санкцыі. Зь іншага боку, мы бачым, як праз Беларусь у Расею пастаўляюцца забароненыя эўрапейскія тавары – напрыклад, сыры люксавых гатункаў. Беларусь, стала важнай транзытнай краінай, а разам зь ёй і яе суседзі – Польшча ды балтыйскія краіны. Па-шчырасьці, актыўнасьць расейскіх крымінальных групаў у Польшчы невысокая. Нямеччына – гэта нашмат багацейшы рынак, які прыцягвае іх увагу. У Балтыйскіх краінах сытуацыя іншая. Там пражывае вялікая расейскай дыяспара, а таксама перакрыжоўваюцца гандлёвыя шляхі. Цікавы прыклад Эстоніі, дзе расейскія спэцслужбы падтрымліваюць арганізаваную злачыннасьць, каб выкарыстоўваць яе супраць эстонскай дзяржавы.

У сваім артыкуле вы падкрэсьліваеце, што пасьля таго, як расейскі крымінальныя групы ўвайшлі ў супрацоўніцтва з расейскімі спэцслужбамі, яны сталі праблемай нацыянальнай бясьпекі для краінаў Эўразьвязу. Як змагацца з такімі групамі?

Марк Галеоці: Мы павінныя ўспрымаць крымінальныя групы, якія базуюцца ў Расеі, як нешта большае, чым проста арганізаваная злачыннасьць. І мы маем прыклады пасьпяховага супрацьдзеяньня такім пагрозам. Цяпер мафіёзі ведаюць, што калі яны захочуць аказаць нейкія паслугі, напрыклад, тэрарыстычным групам, то іх пакараюць нашмат мацней, чым за звычайную нелегальную дзейнасьць. І таму яны не зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з тэрарыстамі. Што мы павінныя зрабіць – гэта ўзяць на прыцэл мясцовыя групоўкі, якія супрацоўнічаюць з расейскай мафіяй. Караючы іх, мы дадзім зразумець, што працаваць з расейцамі – дрэнная ідэя. Тады арганізаваная злачыннасьць адыдзе ад супрацоўніцтва з расейскімі гангстэрамі. Іншымі словамі, мы павінныя зьмяніць балянс выгадаў і стратаў мафіі.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт