Logo Polskiego Radia
Print

Прэзыдэнт Польшчы дабіраўся ў Мэксыку зь візытам рэйсавым самалётам

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 25.04.2017 11:16
Палёт з Анджэям Дудам выкарысталі пасажыры й рабілі з польскім лідарам сэлфі.
Анджэй Дуда (зьлева) у рэйсавым самалёце падчас палёту ў Мэксыку з афіцыйным візытамАнджэй Дуда (зьлева) у рэйсавым самалёце падчас палёту ў Мэксыку з афіцыйным візытамфота: Twitter

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда знаходзіцца з афіцыйным візытам у Мэксыцы. Увага да паездкі польскага лідара з боку мэксыканцаў узрасла пасьля публікацыі здымка мясцовымі СМІ. Яны зьвярнулі ўвагу на тое, што прэзыдэнт Дуда дабіраўся ў Мэхіка рэйсавымі самалётамі, прычым "на перакладных" - зь перасадкай у Франкфурце.

Толькі цягам аднаго дня фотаздымак «лайкнулі» 17 тыс. чалавек, пад ім зьявіліся сотні камэнтараў. «Я хацеў бы ўбачыць, як наш Пэнья (Энрыке Пэнья Ньета – прэзыдэнт Мэксікі – рэд.) ляціць рэйсавым самалётам», «у нас нават сабака палітыка ляціць урадавым самалётам» – гэта толькі некаторыя са шматлікіх камэнтараў чытачоў.

Многія пісалі таксама пра сьціпласьць і пакорлівасьць польскага прэзыдэнта.

Здымак у сетцы Twitter апублікаваў паляк Адам Янкоўскі, які разам з прэзыдэнтам Дудам ляцеў з Варшавы ў Франкфурт і які зрабіў сэлфі з польскім лідарам.

Папярэдні прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі таксама лётаў рэйсавымі самалётамі, для прыкладу, на паседжаньні Генэральнай асамблеі ААН альбо зь візытамі ў ЗША.

Заморскі візыт Анджэя Дуды рэйсавым самалётам часткова зьяўляецца прымусовым, паколькі Польшча ня мае ўрадавых самалётаў для палётаў вялікай працягласьці.

У канцы сакавіка Польшча падпісала з канцэрнам Boeing кантракт на пастаўку адміністрацыйных самалётаў. Першы лайнэр будзе пастаўлены ў лістападзе 2017 году, два іншыя – восеньню 2020-га.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт