СК РФ: адмова тармазоў - магчымая прычына сутыкненьня цягнікоў
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
10.04.2017 08:15
У мэтах праверкі гэтай вэрсіі сьледзтва канфіскавала дакумэнты аб тэхнічным абслугоўваньні саставу.
Photo:pixaby. com/ CC0 Public Domain
Сутыкненьне пасажырскага цягніка Масква-Брэст з электрычкай, згодна з папярэднімі зьвесткамі, магло здарыцца з-за адмовы тармазной сыстэмы, паведаміла ТАСС афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэта РФ Сьвятлана Пятрэнка.
„Паводле вынікаў першапачатковых сьледчых дзеяньняў, у тым ліку пасьля допытаў машыністаў, вэрсія аб тым, што экстраннае тармажэньне лякаматыўнай брыгадай электрацягніка прымененае ў мэтах прадухіленьня наезду на пешахода, не пацьвярджаецца, і было абумоўленае адмовай яго тармазной сыстэмы”, — сказала яна.
Згодна са словамі Пятрэнкі, у мэтах праверкі гэтай вэрсіі сьледзтва канфіскавала дакумэнты аб тэхнічным абслугоўваньні саставу. Сьледчыя правяраюць усе магчымыя вэрсіі сутыкненьня.
Аварыя здарылася 8 красавіка ў 22.16 на перагоне Філі-Кунцава-1 беларускага напрамку Маскоўскай чыгункі. Прыгарадны цягнік № 6919 Масква-Усава ААТ „Расейскія чыгункі” падчас руху ў адваротны бок сутыкнуўся з пасажырскім цягніком № 3 Масква-Брэст, які стаяў на перагоне Філі-Кунцава. З рэек сышлі два вагоны электрычкі й сэкцыя лякаматыва пасажырскага цягніка.
Паводле інфармацыі расійскага МНС, усяго ў бальніцы Масквы пасьля сутыкненьня цягнікоў было дастаўлена 13 чалавек, у тым ліку трое грамадзян Беларусі. Двое беларусаў усё яшчэ застаюцца ў лячэбных установах Масквы.
belapan.com/аз