Logo Polskiego Radia
Print

Пэўная польская безьбілетніца назьбірала штрафаў на 13 тыс. 500 эўра

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 19.03.2017 07:21
У Польшчы за язду безь білета на цягніку спаганяецца штраф у памеры 150 эўра.
500 польскіх злотых500 польскіх злотыхNarodowy Bank Polski

Больш за 58 тыс. злотых (амаль 13 тыс. 500 эўра) штрафаў за язду безь білета назьбірала пэўная жыхарка Паморскага ваяводзтва Польшчы (адміністрацыйны цэнтар горад Гданьск), паведамляе газэта «Rzeczpospolita».

Паводле кампаніі BIG InfoMonitor, якая валодае поўнай базай польскіх даўжнікоў ды крэдытаатрымальнікаў, у краіне амаль 35 тыс. «зайцоў», аштрафаваных за язду безь білета, якія штрафы не аплацілі. Іх агульны доўг складае 27 млн злотых (6 млн 280 тыс. эўра).

Сярод іншых рэкардзістаў – жанчына з Куяўска-Паморскага ваяводзтваў (паўночная частка Польшчы), якая назьбірала штрафаў на 24 тыс. злотых (5 тыс. 580 эўра), і жыхарка Заходнепаморскага ваяводзтва, якая павінна заплаціць каля 22 тыс. злотых штрафаў (5 тыс. 115 эўра).

Кампанія BIG InfoMonitor зазначае, што колькасьць даўжнікоў-безьбілетнікаў хоць і павольна, але зьмяншаецца. Тое ж самае сьцьвярджаюць варшаўскія муніцыпальныя ўлады: у мінулым годзе за язду на сталічным гарадзкім транспарце безь білета былі затрыманыя 128 тыс. чалавек. Гэта на 25% менш у параўнаньні з 2015 годам. Паводле дадзеных варшаўскага Ўпраўленьня гарадзкога транспарту, у 2015 годзе штрафы адразу заплацілі 52% безьбілетнікаў.

У Польшчы ў асноўным штраф плаціцца не ў кантралёра: кантралёр выпісвае квітанцыю, на падставе якой на пошце альбо ў банку трэба аплаціць штраф цягам сямі дзён. І таму існуюць даўжнікі, якія альбо наўмысна не аплачваюць штраф, альбо пра яго забываюць, альбо ня маюць грошай.

Агулам пратэрмінаваныя штрафы варшаўскіх безьбілетнікаў складаюць суму ў 740 тыс. злотых (172 тыс. эўра). Паводле дадзеных кампаніі BIG InfoMonitor, найбольшая колькасьць «зайцоў» пражывае ў сталічным Мазавецкім ваяводзтве. Сярэдні ўзрост безьбілетніка – 35-44 гады, большасьць – гэта мужчыны (75%), аднак калі казаць пра безьбілетнікаў, якія ня плоцяць штрафы, то большасьць – гэта жанчыны.

У Варшаве штраф за безьбілетны праезд складае 266 злотых (61 эўра), у Кракаве – 240 (55 эўра), за праезд цягніком рэгіянальнай Сілескай чыгункі – 190 злотых (44 эўра), а цягніком кампаніі PKP InterCity, якая зьяўляецца апэратарам складаў далёкага сьледаваньня, экспрэсаў ды прэміюм-эскпрэсаў, 650 злотых (больш за 150 эўра), паведамляе газэта «Rzeczpospolita».

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт