Справу пʼянага кіраўніка ДАІ, які на аўто зьбіў жанчыну, перадалі ў суд (ФОТА)
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
14.02.2017 06:58
На трасе ў Ляхавіцкім раёне ён на сьмерць зьбіў 36-гадовую маці дваіх дзяцей, якая загінула на месцы.
pixabay.com/CC0 Creative Commons
Справу былога часовага выканаўцы абавязкаў ДАІ Баранавіцкага раёну Андрэя Ваўкавыцкага перадалі ў суд. Пра гэта паведаміла памочнік старшыні Берасьцейскага абласнога суду Марына Скалковіч. Разглядаць яе будзе суд Ляхавіцкага раёну, але дата судовага працэсу пакуль не прызначаная.
Экс-даішніка вінавацяць у парушэньні правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам у стане алькагольнага апʼяненьня, што пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека.
ДТЗ, якое прывяло супрацоўніка ДАІ на лаву падсудных, адбылося 26 лістапада 2016 года. Кіраўнік Баранавіцкай ДАІ ехаў пʼяным на ўласным аўто – ня ў форме і ў вольны час. На трасе каля вёскі Дарава ў Ляхавіцкім раёне ён зьбіў 36-гадовую жанчыну. Маці дваіх дзяцей загінула на месцы.
Пасьля аварыі кіроўцу затрымалі й зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Ён аказаўся моцна п'яны: праведзены агляд паказаў, што ў яго крыві ўтрымліваецца амаль 3 праміле алькаголю. 29 лістапада яго ўзялі пад варту. Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч вельмі рэзка выказаўся пра гэты выпадак і паведаміў, што супрацоўнікі ДАІ праходзяць праверку на паліграфе.
Як выявіла сьледзтва, праведзенае ўпраўленьнем Сьледчага камітэту па Берасьцейскай вобласьці, у момант ДТЗ жанчына ішла па пешаходным пераходзе. Аўтамабіль рухаўся з хуткасьцю, большай за 60 км/гадз.
белапан/эўрарадыё/вс
Андрэй Ваўкавыцкі, фота: адкрытыя крыніцы