Logo Polskiego Radia
Print

Галоўны эканаміст ЭБРР: Сёлета рост ВУП Беларусі складзе 1%

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 27.01.2017 09:01
Сяргей Гурыеў : У 2017 годзе, паводле нашых ацэнак, рост ВУП Расеі складзе 1,2%.
pixabay.com/Public Domain CC0

У 2017 годзе Беларусь выйдзе з рэцэсіі, рост валавога ўнутранага прадукту можа скласьці 1%. Такі прагноз абнародаваў на прэс-канфэрэнцыі ў Менску 26 студзеня галоўны эканаміст Эўрапейскага банка рэканструкцыі й разьвіцьця Сяргей Гурыеў.

„Наш прагноз па Беларусі на гэты год больш аптымістычны, чым у іншых міжнародных арганізацый. Рост ВУП Беларусі можа скласьці ў 2017 годзе 1%. Такім чынам, як мы чакаем, краіна выйдзе з рэцэсіі, але рост будзе павольным”, — сказаў Гурыеў.

Ён адзначыў, што для паскарэньня эканамічнага росту ў Беларусі, як лічыць ЭБРР, трэба праводзіць рэформы. „Мы падзяляем пазыцыю беларускага ўрада, які лічыць, што структурныя рэформы патрэбныя”, — дадаў галоўны эканаміст ЭБРР.

На думку прадстаўніка банка, пэрспэктывы Беларусі залежаць таксама ад сытуацыі ў Расеі. Паводле некаторых ацэнак, дадаў ён, адзін працэнтны пункт эканамічнага росту ў Расеі дае паўпрацэнтнага пункта росту ВУП Беларусі.

„У 2017 годзе, паводле нашых ацэнак, рост ВУП Расеі складзе 1,2%. Гэты прагноз зроблены зыходзячы з ацэнкі, што сярэднегадавая сусьветная цана нафты складзе 50—55 даляраў за барэль. Будуць цэны на нафту вышэйшыя — і тэмпы эканамічнага росту ў Расеі будуць больш высокімі, калі цэны на вуглевадародную сыравіну зьнізяцца — і рост эканомікі будзе ніжэйшым, чым мы чакаем”, — рэзюмаваў Гурыеў.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт