Wizz Air будзе лётаць з польскага Ўроцлава ва ўкраінскі Львоў
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
17.01.2017 18:35
Львоўскі рэйс будзе чарговым украінскім напрамкам у маршрутнай сетцы лаўкоста.
Бартавы пэрсанал авіякампаніі Wizz Airwizzair.com
Нізкатарыфная авіякампанія Wizz Air плянуе адкрыць рэйс з горада Ўроцлаў (заходняя Польшчы) ва ўкраінскі Львоў. Ацэньваецца, што ва Ўроцлаве й ваколіцах горада можа пражываць каля 30 тыс. украінцаў, перш за ўсё працоўных эмігрантаў. Нагадаем, у цэлай Польшчы, паводле ацэнак, пражывае каля 1 млн грамадзян Украіны.
Афіцыйная інфармацыя пра адкрыцьцё рэйса будзе агучаная на супольнай прэс-канфэрэнцыі 18 студзеня кіраўніцтвам авіяліній ды аэрапортаў Уроцлава й Львова.
Як паведамлялася, нядаўна авіякампанія Wizz Air адкрыла рэйс з Уроцлава ў Кіеў. Львоўскі рэйс будзе чарговым украінскім напрамкам у маршрутнай сетцы лаўкоста.
Wizz Air – гэта вугорская бюджэтная авіякампанія, якая мае базы ў многіх эўрапейскіх гарадах. Галоўным вузлавым аэрапортам авіяліній у Польшчы зьяўляецца горад Катавіцэ. Акрамя таго, базамі Wizz Air зьяўляюцца Варшава, Гданьск, Познань, Уроцлаў і Люблін.
Флёт авіякампаніі складаецца з больш чым 70 вузкафюзеляжных сярэднедыстанцыйных самалётаў Airbus розных мадыфікацый, якія лётаюць на 340 эўрапейскіх трасах.
вс