Алексіевіч, Шушкевіч і іншыя: Закрыцьцё „Белсату”- трагедыя
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
21.12.2016 10:52
Аўтары ліста зьвяртаюцца да прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды й прэм’ера Бэаты Шыдла.
Photo: belsat.eu
Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, асяродзьдзя культуры й польскай абшчыны ў Беларусі зьвярнуліся да прэзыдэнта й прэм’ера Польшчы па справе тэлеканалу „Белсат”. Аўтары ліста выказваюць глыбокі непакой у сувязі з намерамі Міністэрства замежных справаў Польшчы ліквідаваць „адзінае незалежнае тэлебачаньне, якое вяшчае на беларускай мове”.
„Закрыцьцё „Белсату” — трагедыя, якая дэмаралізуе. Гэтае рашэньне ёсьць ударам па тых патрыётах Беларусі, якія абуджаюць нацыянальную й грамадзянскую сьвядомасьць сваіх суайчыньнікаў. Яно пакідае нашу краіну сам на сам з агрэсіўнай тэлевізійнай прапагандай „рускага сьвету“ і ўзмацняе пагрозы бясьпецы ня толькі Беларусі, але і ўсім дзяржавам рэгіёну, у тым ліку Польшчы”, — падкрэсьліваецца ў лісьце, які падпісалі Сьвятлана Алексіевіч, Анжаліка Борыс, Алесь Бяляцкі, Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Някляеў і Станіслаў Шушкевіч.
Яны зазначаюць, што ліквідацыя тэлеканалу „Белсат” „значна памяншае шанцы Беларусі на вяртаньне ў эўрапейскую сям’ю. Гэты тэлеканал трэба паляпшаць, а не зьнішчаць”, - дадаюць яны.
Аўтары зьвяртаюцца да прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды й кіраўнічкі польскага ўраду Бэаты Шыдла з просьбай узьняць свой голас у падтрымку беларускамоўнага тэлеканалу. „Свабода й бясьпека патрабуюць сёньня салідарнасьці паміж намі й вашай падтрымкі беларускага народу, зь якім Польшчу зьвязваюць супольная гісторыя й добрасуседзкая будучыня”, — завяршаюць свой зварот аўтары.
svaboda.org/аз