Кожны, хто прыяжджае ў Варшаву на цягніку й выходзіць у цэнтры горада, пакідае вагон на вакзале «Варшава Цэнтральная». Гэта галоўны чыгуначны вакзал краіны. Абʼект быў адкрыты 5 сьнежня 1975 году: сёлета яму споўніўся 41 год. Таму ёсьць нагода распавесьці пра цікавую гісторыю гэтага аб’екта.
Да пачатку 1970-х гадоў у Варшаве не было сапраўднага, буйнога чыгуначнага вакзала. Гэта быў вялікі мінус, тым больш, што чыгуначны транспарт у Польшчы заўсёды быў добра разьвіты.
Пэрон вакзала, 1978 год/Narodowe Archiwum Cyfrowe
Будаўніцтва станцыі пачалося ў 1972 годзе, а скончылася ў 1975. Вакзал быў пабудаваны падчас буму 70-х гадоў, калі Польская Народная Рэспубліка атрымала мноства заходніх крэдытаў, а стары вакзал «Варшава Глуўна» ўжо не спраўляўся з пасажырскай плыньню. У канцы будаўнічых работ працавалі вельмі хутка, бо зь візытам у Варшаву зьбіраўся прыбыць на цягніку Леанід Брэжнеў, і ўлады ПНР хацелі прыняць высокага госьця ў новым аб’екце. У будаўніцтве дапамагалі жаўнеры.
Вось як перадаваў з урачыстага адкрыцьця вакзала карэспандэнт Польскага радыё ў 1975 годзе.
Яшчэ ўчора тут панавала мітусьня, характэрная вялікай будове, і тысячы людзей задавалі пытаньне: ці пасьпеюць? Пасьпелі! Будаўнікі стрымалі абяцаньне, дадзенае партыі й грамадзтву й аб’ект здалі на 33 месяцы раней заплянаванага тэрміну. Цэнтральны вакзал гатовы да прыняцьця дэлегатаў і запрошаных гасьцей і зь сёньняшняга дня будзе служыць цэламу грамадзтву. У галоўным холе няма дзе яблыку ўпасьці: тысячы людзей, прадстаўнікі розных фабрык і заводаў, працоўнага народу. А над імі – вялізны транспарант са словамі: «Працоўныя Варшавы на практыцы падтрымалі кіраўніцтва партыі! Няхай жыве кіраўніцтва партыі з таварышам Герэкам на чале». А пасярэдзіне залі – мапа Польшчы з напісам «7-ы зьезд Польскай аб’яднанай рабочай партыі».
Дарэчы, як і на іншых камуністычных будоўлях вакзал узводзілі вельмі хутка, што не магло не адбіцца на якасьці. На працягу 1980-х гадоў зьявіліся прыкметы пагаршэньня стану аб’екта. Але нягледзячы на гэта, тады будынак лічыўся вельмі сучасным: ён быў абсталяваны эскалятарамі, рассоўнымі дзьвярамі, быў функцыянальны й эстэтычны. Гаварылася, што «Варшава Цэнтральная» – найсучасьнейшы чыгуначны вакзал у Эўропе на той момант.
Што цікава, то некаторыя дэкарацыйныя элемэнты былі імпартаваныя са Швэйцарыі, эскалятары – з Парыжа й Брусэля, а вакзальныя гадзіньнікі – з Італіі. Пры будаўніцтве шырока выкарыстоўваліся дарагія матэрыялы, напрыклад, мармур і алюміній. А драўляна-мармуровыя лаўкі на пэронах мелі аўтаномны абагрэў – такога не было ані на адным вакзале ў сьвеце! Упершыню на вакзале быў створаны салён для важных пасажыраў, першым госьцем якога быў менавіта Брэжнеў.
Галоўны касавы хол вакзала, 1978 год/Narodowe Archiwum Cyfrowe
На працягу першых месяцаў пасьля адкрыцьця Польская чыгунка працаўладковала хастэсаў у прыгожых ды эфэктных формах, якія інфармавалі пасажыраў пра цягнікі, цэны на білеты й гэтак далей. Вядомы швэйцарскі крытык архітэктуры ды гісторык мастацтва Вэрнэр Хубэр назваў вакзал «Варшава Цэнтральная» прыкладам выбітнай архітэктуры мадэрнізму ды «жамчужынай на рэйках». Адным словам, будынку не пасаромелася б ані адна сталіца Заходняй Эўропы!
Другая палова 1970-х гадоў/commons.wikimedia.org/Public Domain
Пасьля грамадзка-палітычных пераменаў на пачатку 1990-х гадоў зьявілася мноства меркаваньняў аб тым, што станцыя павінна быць зьнесеная, а на яе месцы пабудавана новая. Аднак, на шчасьце, пляны былі зьмененыя. Перад Чэмпіянатам Эўропы па футболе ў 2012 годзе вакзал быў адрамантаваны. Цяпер ён зьзяе ды пахне чысьцінёй ды радуе вока ня толькі жыхароў Варшавы, але й гасьцей сталіцы.
Валеры Саўко