Жорсткія спрэчкі прайшлі ў польскім Сэйме
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
17.12.2016 09:11
У пятніцу вечарам у Сэйме праходзілі гвалтоўныя спрэчкі паміж дэпутатамі ПіС і парлямэнцкай апазыцыяй.
Начны пратэст каля СэймуPhoto: PAP/Marcin Obara
Адначасова перад будынкам парлямэнту сабраўся натоўп пратэстуючых. Ноччу пратэстоўцы спрабавалі ня выпусьціць з будынку Сэйму премʼэр-міністра Бэату Шыдла і лідара ПіС Яраслава Качыньскага. Умяшалася паліцыя.
Апазыцыйныя палітыкі падчас дэбатаў над дзяржбюджэтам на 2017 год выступалі супраць новых правілаў працы СМІ ў будынку парлямэнту. Палітыкі апазыцыі выкрыквалі крытычныя лёзунгі ў адрас кіруючых, а прадстаўнікі ПіС ім адказвалі. У выніку галасаваньне над дзяржаўным бюджэтам на наступны год было перанесена з галоўнай залі ў гэтак званую Калонавую залю, дзе першапачаткова павінна было прайсьці паседжаньне парлямэнцкай групы ПіС. Канцылярыя Сэйму смс-камі паведаміла дэпутатаў аб галасаваньні дзяржбюджэта ў Калонавай залі. Апазыцыйныя палітыкі запратэставалі супраць такіх дзеяньняў, тым ня менш, галасаваньне адбылося.
У той час як дэпутаты ПіС прымалі дзяржбюджэт, перад парлямэнтам сабраліся прыхільнікі грамадзкага руху "Камітэт абароны дэмакратыі" . Да пратэстуючых далучыліся дэпутаты парлямэнцкай апазыцыі.
Да паўночы пратэстуючыя перакрывалі выхад з будынку парлямэнта й не выпускалі машын з палітыкамі. Калона аўтамабіляў з палітыкамі ПіС, сярод іншага, прэмʼер-міністра Бэаты Шыдла і старшыні "Права і справядлівасьць" Яраслава Качыньскага толькі каля 3 гадзіны ночы пакінула парлямэнт.
Палітыкаў абараняла паліцыя. Дайшло нават да бойкі паміж паліцыяй і дэманстрантамі.
яс