Logo Polskiego Radia
Print

Войцеха Ярузэльскага пазбавяць генэральскага званьня

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 13.12.2016 12:49
Ён быў галоўным ініцыятарам увядзеньня ваеннага становішча ў ПНР 13 сьнежня 1981 года.
Генэрал Войцех Ярузэльскі ва ўзросьце 81-го года (2004 год)Генэрал Войцех Ярузэльскі ва ўзросьце 81-го года (2004 год)PAP/Radek Pietruszka

Войцех Ярузэльскі й Чэслаў Кішчак будуць пазбаўленыя генэральскіх званьняў. Пра гэта ў 35-ю гадавіну ўвядзеньня ваеннага становішча ў Польшчы паведаміў міністар нацыянальнай абароны краіны Антоні Мацярэвіч. Ён дадаў, што цяпер рыхтуецца адмысловы закон.

Войцех Ярузэльскі быў франтавым афіцэрам у часы Другой сусьветнай вайны, пазьней сваю кар’еру зьвязаў з войскам. Быў, між іншым, міністрам абароны ПНР, першым сакратаром Польскай аб’яднанай рабочай партыі (ПАРП), прэм’ер-міністрам ды прэзыдэнтам краіны (першым прэзыдэнтам посткамуністычнай Польшчы). Памёр у 2014 годзе ва ўзросьце 91-го года.

У сваю чаргу генэрал Чэслаў Кішчак працяглы час быў зьвязаны з ваеннай разьведкай і контрразьведкай ПНР, быў членам Палітбюро ЦК ПАРП. У 1981-1990 гадах быў міністрам унутраных спраў Польшчы. Памёр у лістападзе 2015 года ва ўзросьце 90 гадоў.

Войцех Ярузэльскі й Чэслаў Кішчак былі галоўнымі ініцыятарамі ўвядзеньня ваеннага становішча ў ПНР 13 сьнежня 1981 года, адказвалі таксама за яго рэалізацыю.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт