Пракуратура зноўку зоймецца справай вілы былога прэзыдэнта
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
02.12.2016 14:07
Справа вілы Аляксандра Квасьнеўскага ў Казімежы Дольным расьсьледавалася ўжо ў 2007 годзе.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain
Катавіцкая пракуратура плянуе зноўку заняцца справай нерухомай маёмасьці былога прэзыдэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага. Паводле пракурораў, рашэньне аб спыненьні папярэдняга расьсьледаваньня па справе вілы ў Казімежы Дольным было заўчаснае.
Пракурор Бажэна Яворэк-Казіруд (Bożena Jaworek-Kaziród) з катавіцкай пракуратуры заявіла ў TVP Info, што падчас папярэдняга расьсьледаваньня не былі вычарпаныя ўсе магчымасьці.
Бажэна Яворэк-Казіруд: На падставе аналізы матэрыялаў расьсьледаваньня было вырашана аб правядзеньні дадатковых дзеяньняў, якія дазволяць прыняць канчатковае рашэньне. Пакуль заўчасна паведамляць пра іх СМІ. Трэба цярпліва пачакаць.
Нагадаем, першае расьсьледаваньне па справе нерухомай маёмасьці былога прэзыдэнта Польшчы было наступствам так званых стужак Юзэфа Алексы, запісаных восеньню 2006 году. У размове зь бізнэсмэнам Аляксандрам Гудзаватым (Aleksander Gudzowaty) былы прэм'ер выказаў сумневы наконт легальнасьці маёмасьці былога прэзыдэнта Аляксандра Квасьнеўскага. Гаворка ішла пра вілу ў Казімежы Дольным. У 2007 годзе фрагмэнт запісу Рэспібліканская пракуратура накіравала ў аддзел у Катавіцах з даручэньнем праверыць, ці былы прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі й яго жонка не ўхіляліся ад выплаты падаткаў.
аз