Logo Polskiego Radia
Print

Станіслаў Шушкевіч: Ім было лепей, а нам – горш за ўсіх

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 29.11.2016 20:01
  • Szuszkiewicz.mp3
«Нам няма на каго спадзявацца, таму мы павінны спадзявацца на саміх сябе».
Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевічphoto: bnp.by

Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, якую ўзначальвае Станіслаў Шушкевіч, рыхтуецца да таго, што перастане існаваць. Прычына даволі банальная: адсутнасьць фінансавых сродкаў на аплату арэнды.

У размове з намі Станіслаў Шушкевіч сказаў, што рашэньне пра закрыцьцё партыі не прымалася: проста яна будзе закрытая Мінюстам Беларусі з-за невыкананьня крытэраў фінансавага характару. Цяжка ўспрымаць той факт, што партыя можа перастаць існаваць, кажа палітык.

Зразумела, што цяжка, але калі няма іншага выйсьця... Мы ж не прынялі рашэньня закрыць партыю, мы прынялі рашэньне, што мы няздольныя аплачваць усе памяшканьні партыі, бо гэта патрабуе вялікіх сродкаў. Паколькі мы ня маем афіцыйных памяшканьняў у шэрагу гарадоў, дзе трэба іх мець, нас Міністэрства юстыцыі закрые. І нам пра гэта ня трэба клапаціцца. Мы б не хацелі закрывацца, але што зробіш: фінансава мы ня цягнем.

У апошні час сацыял-дэмакратычныя партыі ў Эўропе перажываюць крызыс – прынамсі, такое зьяўляецца ўражаньне, калі зірнуць на палітычныя арэны паасобных краін. Прыкладаў можна прывесьці нямала. Так, правыя знаходзяцца пры ўладзе ў Польшчы й Вугоршчыне, шанцы на перамогу маюць у Францыі, Аўстрыі ды іншых краінах. Прафэсар Шушкевіч з такім меркаваньнем не згаджаецца.

Я з гэтым ня згодзен, бо кіраўнік Эўрапарлямэнта – сацыял-дэмакрат, фракцыя ў Эўрапарлямэнце сацыял-дэмакратычная вялікая, прафсаюзы з сацыял-дэмакратамі працуюць эфэктыўна, так што я ня бачу ніякай роспачы. Акрамя таго, мы такая правая сацыял-дэмакратычная партыя.

Калі зірнуць на беларускую палітычную сцэну, то можа зьявіцца ўражаньне, што яна гэта жа закансэрваваная, як і кіроўны рэжым. Не сакрэт, што і ў грамадзка-палітычных дзеячаў, і ў звычайных грамадзян зьяўляецца свайго роду палітычная апатыя, а ў актыўных людзей з-за безвыходнасьці могуць апускацца рукі.

У мяне катэгарычна рукі не ападаюць, мне ёсьць чым займацца. Я зараз быў у вялікім турнэ па ЗША, маю кніжку пераклалі нават на эстонскую мову, у Польшчы яна таксама выйшла. У мяне ёсьць што сказаць, я ў Гарвардзе нядаўна выступаў, ёсьць што рабіць, каб зьвярнуць увагу на Беларусь і каб мы лепей дзейнічалі. Так што я ў роспач не ўпадаю.

У апошні час можна назіраць за «фліртаваньнем» эўрапейскіх палітыкаў ды ўрадаў паасобных эўрапейскіх краін зь беларускім рэжымам. Адначасова гаворыцца, што падтрымка беларускіх апазыцыйных і грамадзкіх структур з боку дэмакратычных краін зьмяншаецца, падае таксама зацікаўленьне тэмай Беларусі за мяжой. Станіслаў Шушкевіч з гэтым не да канца згаджаецца й зазначае, што Беларусь ніколі не была на вядучым месцы ў арбіце зацікаўленьняў замежных краін.

Увага да Беларусі была заўсёды меншай чым да вялікіх краінаў. Для Эўропы самае важнае – гэта Расея. Цяпер, калі Расея пачала агрэсію супраць Украіны, важнай стала і Ўкраіна. Беларусь заўсёды не на першым месцы была: заўсёды на нас слаба зьвярталі ўвагу, але калі мы выжывем, то ў лепшым будзем стане чым іншыя. Вы тэлефануеце з Польшчы, і калі б падлічыць, як падтрымліваў Захад польскую эканоміку й як беларускую, то беларуская – гэта нуль, і нуль, і нуль. Нам няма на каго спадзявацца, таму мы павінны спадзявацца на саміх сябе. Цяпер увага да Расеі і Ўкраіны большая... А што гаварыць: яна заўсёды была большай чым да нас, таму што мы – маленькая краіна.
А што да прыбалтыйскіх рэспублік, то нават у савецкія часы Захад, у тым ліку ЗША, іх ніколі не прызнаваў часткай СССР. Ім было лепей, а нам – горш за ўсіх.

Нагадаем, Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада пад кіраўніцтвам прафэсара Шушкевіча была заснаваная ў 1996 годзе. Акрамя яе, на беларускай палітычнай сцэне існуюць яшчэ дзьве апазыцыйныя партыі са словам «сацыял-дэмакратычная» у назве.

Валеры Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт