Logo Polskiego Radia
Print

Знакаміты раман Баляслава Пруса чакае публікацыі на беларускай мове

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 15.11.2016 16:03
  • Знакаміты раман Баляслава Пруса чакае публікацыі на беларускай мове.mp3
Загадкавая й шматплянавая «Лялька» можа быць выдадзеная ўжо ў наступным годзе – калі знойдуцца грошы.
Баляслаў ПрусБаляслаў Прусwikimedia commons/public domain

Раман клясыка польскай літаратуры Баляслава Пруса «Лялька» неўзабаве можа быць выдадзены на беларускай мове. Пераклад кнігі падрыхтавалі гісторык літаратуры Мікола Хаўстовіч і журналістка Галіна Жарко. Калі кніга ўбачыць свайго беларускага чытача, і чаму беларусам можа быць цікавая кніга польскага клясыка канца XIX стагодзьдзя? Пра гэта зь перакладчыцай кнігі Баляслава Пруса размаўляе Аляксандар Папко.

Скарочаныя пераказы для польскіх школьнікаў апісваюць «Ляльку» Баляслава Пруса як бэлетрыстыку – раман пра няшчаснае каханьне прадпрымальніка Вакульскага да халоднай зьбяднелай арыстакраткі Ізабэлы Лэнцкай. Дзеяньне раману адбываецца ў Варшаве ў 1879 годзе.

Станіслаў Вакульскі – былы паўстанец, які прайшоў сібірскую ссылку, а пасьля ўласнай працай зарабіў вялікі капітал – ня можа дабіцца рукі й сэрца прыгожай, але поўнай саслоўных забабонаў арыстакраткі. Для Ізабэлы Лэнцкай прадпрымальнік Вакульскі застаецца чалавекам «ніжэйшага саслоўя».

"Лялька"
"Лялька" - гэта ня толькі й ня столькі раман пра жыцьцё вышэйшага сьвету. На фота - ілюстрацыя да аднаго з першых выданьняў "Лялькі" Баляслава Пруса.

Аднак «Лялька» – гэта ня толькі й ня столькі бэлетрыстыка. Раман мае шмат узроўняў, і за адным слоем адчыняецца другі, глыбейшы – кажа перакладчыца кнігі Галіна Жарко. «Лялька» – гэта твор пра тры пакаленьні жыхароў былой Рэчы Паспалітай, якія зьведалі горыч двух паўстаньняў і спрабавалі прымірыцца з рэчаіснасьцю. Гэта твор пра час, калі нараджалася сучаснае грамадзтва. Гэта час, калі чалавецтва захаплялася ідэямі тэхнічнага прагрэсу, перабудовы сьвету паводле «адзіна слушных» навуковых прынцыпаў і яшчэ ня ведала, куды могуць завесьці бескампрамісныя ідэі. Магчыма, з-за гэтай шматплянавасьці «Ляльку» да сёньняшняга часу чытаюць ва ўсім сьвеце – кажа Галіна Жарко.

Фота
Фота прадстаўленае Галінай Жарко.

Галіна Жарко: Частка людзей, сапраўды, бачыць любоўны раман – каханьне й здраду. Гэтага можа быць цалкам дастаткова. Ёсьць людзі, якія не дачыталі «Ляльку» да канца, бо гэта вельмі вялікі па аб’ёму твор. А ёсьць людзі, каторыя пасьля прачытаньня вяртаюцца да «Лялькі», перачытваюць яе многа разоў. І што ж яны там знаходзяць? Ды ўсё, што заўгодна! Раман напісаны ў вельмі цікавы час. У грамадзтве адбываліся цікавыя працэсы. Цяпер мы ведаем, што сталася з грамадзтвам, якое ўспрыняло вельмі сур’ёзна ідэі Ніцшэ. Усё гэта вылілася ў фашызм. Але Прус, пішучы свой раман, гэтага ня ведае. Ён адчувае подых часу й перадае яго ў сваім рамане, ня ведаючы яшчэ, што чакае чалавецтва. Дарэчы будзе сказаць, што ў той час, калі пісаўся раман, нарадзіўся Гітлер і Ўладзімер Ленін. Чалавецтва чакае камунізм і фашызм. Адзін з герояў рамана якраз хоча ўдасканаліць чалавечую пароду. Гэта адзін толькі момант, а такіх момантаў у рамане вельмі шмат.

«Лялька» расказвае пра жыцьцё Польшчы праз 15 гадоў пасьля падаўленьня паўстаньня 1863 году. Тыя, хто не загінуў, не застаўся на засьнежаных прасторах Сібіры, спрабуюць пачаць жыцьцё спачатку. Адныя з галавой кідаюцца ў спажывецтва, зарабляньне грошай і будаваньне кар’еры. Іншыя займаюцца «працай ад падставаў» – адукацыяй грамадзтва, аб’яднаньнем нацыянальнай інтэлігенцыі й буржуазіі, стварэньнем грамадзянскай супольнасьці, якая – калі прыйдзе час – адродзіць незалежную Польшчу. Раман былога паўстанца Пруса таксама быў адной з формаў пратэсту, схаванага ад расейскай цэнзуры.

"Польшча
"Польшча — год 1863" - карціна аўтарства Яна Матэйкі.

Галіна Жарко: Баляслаў Прус піша пра свайго героя Вакульскага, які выходзіць на балькон уласнае кватэры й бачыць перад сабою Таварыства сяброў навукі. А чытачы ведаюць, што ніякага Таварыства сяброў навукі Вакульскі бачыць ня можа. За помнікам Каперніку стаіць царква сьвятой Тацьцяны са званамі, з цыбулінамі, а Таварыства зачыненае расейскімі ўладамі. Гэта такі цікавы прыём маўчаньня, які ўжывалі тады ўсе пісьменьнікі, у тым ліку й Прус. Польскія пісьменьнікі проста не паказвалі расейскай акупацыі, ігнаравалі яе такім чынам, што няма ніводнага чыноўніка, ніводнага вайскоўца, не чуваць званоў… І ў рэшце, як мы потым упэўніліся, гэта ўсё й прапала. Нібы ў чорную дзірку правалілася гэтая ўся расейская прысутнасьць. Такую моц мела гэтае маўчаньне.

Будынак
Будынак Таварыства сяброў навукі - у сваім першасным выглядзе, а затым ператвораны ў гімназію для праваслаўных (ў 1862 г.) і перабудаваны ў псэўдарускім стылі ў 1892 г. Адноўлены ў 1926 г.


У сваім рамане Баляслаў Прус пакінуў шмат недамоўленасьцяў і загадак. Адна зь іх – назва твору. Прус спачатку хацеў назваць твор «Тры пакаленьні», але перадумаў. Сам аўтар неаднаразова казаў, што назва раману не адносіцца да халоднай прыгажуні Ізабэлы. Дык каго ж Прус называе лялькай?

Галіна Жарко: А лялька там не адна! Іх неверагодна вялікая колькасьць. Па-першае дзіцячых цацак – ляляк… Адна лялька – тая, якую цягнуць у суд, зазіраюць у сярэдзіну, каб упэўніцца, што яна не крадзеная, у той час, як другая лялька валяецца разьбітая на падстрэшку. Чарга лялек стаіць у краме на паліцы. Лялькамі падаюцца вельмі многія героі. Можна нават сказаць, што ўсе героі падаюцца лялькамі ў той ці іншай ступені. Кожны кожным гуляе. У рэшце ўзьнікае падазрэньне, што аўтар гуляе з чытачом, як зь лялькаю. А хто гуляе з аўтарам? Вельмі шмат можна фантазіраваць на гэтую тэму. І раман, які дае такую прастору фантазіі, варты прачытаньня.

Раман «Лялька» выдадзены больш як на 20 мовах. Сярод іх ня толькі ангельская, француская, расейская ці нямецкая, але й летувіская, латвійская, грузінская эстонская, украінская... Год таму пераклад раману Баляслава Пруса ўпершыню магла прачытаць галяндзкая публіка. Што людзі, далёкія ад Польшчы, знаходзяць у творы, напісаным амаль 130 гадоў таму?

Галіна Жарко: Я магу толькі пытаньнем адказаць на гэтае пытаньне: а што знаходзіць кітайская публіка, калі чытае па-кітайску гэты раман? І ўвогуле, ён перакладзены ўжо амаль на ўсе мовы. У гэтым сьпісе не хапае беларускай – і гэта вельмі крыўдна і шкада, таму што раман якраз нас больш тычыцца, чым галяндцаў, кітайцаў. Гэта якраз тая Расейская імпэрыя, дзе й мы былі.

Першы
Першы пераклад "Лялькі", зроблены й выдадзены невялікім накладам Міколам Хаўстовічам і Галінай Жарко. Фота: wikimedia commons/ Xpishka (Own work)/CC BY-SA 4.0


Насамрэч беларускі пераклад «Лялькі» Баляслава Пруса быў падрыхтаваны ўжо амаль 4 гады таму і нават выдадзены тыражом у некалькі дзесяткаў асобнікаў. Цяпер кніга чакае свайго паўнавартаснага выданьня – кажа Галіна Жарко.

Галіна Жарко: Мы яго выдалі ўласным коштам, гэткае саматужнае выданьне для сяброў – пару дзесяткаў экзэмпляраў. Той першы варыянт быў перароблены, таму што на паперы лягчэй рабіць нейкія праўкі. І зараз ужо ёсьць фактычна другая рэдакцыя, якая чакае выхаду да чытача. Можа і дачакаецца, бо за выдавецтва ўзяўся Ўладзімер Сіўчыкаў. Калі фінансаваньне будзе на гэты праект, дык ён атрымаецца.

Год таму пераклад «Лялькі» быў перададзены ў Польскі інстытут у Менску. Ці атрымае беларускае выданьне Баляслава Пруса фінансавую падтрымку, мы даведаемся празь некалькі месяцаў – паведамілі нам у культурнай установе.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт