Гісторыкі з Польшчы i Ўкраіны абмеркавалі Валынскае злачынства
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
27.10.2016 09:29
Пакуль няма згоды нават адносна таго, як назваць трагічныя падзеі на Валыні ў 1943-1944 гадах.
Валынскае злачынства. Photo: Władysława Siemaszków, Ludobójstwo, page 1294, from Henryk Słowiński collection/wikipedia.org/Domena publicznaPhoto: Władysława Siemaszków, Ludobójstwo, page 1294, from Henryk Słowiński collection/wikipedia.org/Domena publiczna
Аб падзеях на Валыні ў 1943-1944 гадах учора ў Кіеве размаўлялі гісторыкі з польскага і ўкраінскага Iнстытутаў нацыянальнай памяці. Хоць пакуль няма згоды нават адносна таго, як назваць трагічныя падзеі на Валыні, то навукоўцы падкрэсьліваюць, што важны сам факт сустрэчы экспэртаў.
Польскі бок прапануе тэрмін „генацыд”, украінскі – „польска-ўкраінская вайна”, але гісторыкі з абодвух бакоў ня могуць дамовіцца ў гэтым пытаньні.
Як адзначыў віцэ-старшыня польскага Інстытуту нацыянальнай памяці Матэвуш Шпытма (Mateusz Szpytma), гэта не адзіны прадмет спрэчкі. Бакі разыходзяцца таксама ў поглядах, калі гаворка ідзе пра колькасьць ахвяраў і прычыны злачынства.
У сваю чаргу, кіраўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Ўладзімір Вятровіч адзначыў, што адной з мэтаў форуму была дэпалітызацыя Валынскага злачынства. Паводле яго, пра гістарычныя тэмы павінны выказвацца, перш за ўсё, гісторыкі. „Калі гэта ўдасца дасягнуць, то магчыма ўдасца таксама пазьбегнуць нэгатыўных палітычных наступстваў, якія часам назіраюцца ў польска-ўкраінскіх адносінах”, - сказаў Уладзімір Вятровіч.
Наступная сустрэча польскіх і ўкраінскіх гісторыкаў заплянаваная ў сакавіку наступнага году ў Варшаве.
аз