Logo Polskiego Radia
Print

За месяц выяўлена 200 паклёпніцкіх выказваньняў у адрас Польшчы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 26.10.2016 11:00
Гэта вынік працы „Сыстэмы па выяўленьні выпадкаў ачарненьня Польшчы ў інтэрнэце”.
Photo: PAP/Paweł Supernak

„Сыстэма па выяўленьні выпадкаў ачарненьня Польшчы ў інтэрнэце” выявіла 200 выпадкаў парушэньня добрага імя Польшчы ў сеціве.

На працягу месяца працы „Сыстэмы па выяўленьні выпадкаў ачарненьня Польшчы ў інтэрнэце” праграма выявіла 200 выпадкаў паклёпніцкіх заяваў у дачыненьні да Польшчы. Нагадаем, сыстэма была створаная Фондам абароны добрага імя Польшчы. Яна стартавала 19 верасьня.

Паводле кіраўніка фонду Мацея Сьвірскага(Maciej Świrski), дзякуючы сыстэме вырасьце эфэктыўнасць барацьбы з паклёпамі супраць Польшчы. У тым ліку гаворка ідзе пра такія фальшывыя тэрміны, як, напрыклад, „польскія лягеры сьмерці”, якія выкарыстоўваюцца ў дачыненьня да нацысцкіх лягераў сьмерці на тэрыторыі Польшчы.

„Мэта працы сыстэмы – гэта павелічэньне хуткасьці адказу - ад моманту выяўленьня паклёпу да моманту рэакцыі. Хуткасьць рэакцыі – гэта важны фактар. Тыя, хто наўмысна ўжывае такія выразы як „польскі канцлягер”, хутка выпраўляюць свае выказваньні, калі сустракаюць неадкладную рэакцыю. Гэтак жа робяць тыя, хто ўжывае такія выразы з-за сваёй дурноты й невуцтва”,- кажа Сьвірскі.

Паводле яго, на дадзены момант вядома, што такога роду парушэньні зьдзяйсьняюць газэты, часопісы, некаторыя палітыкі й грамадзкія дзеячы. З дапамогай „Сыстэмы па выяўленьні выпадкаў ачарненьня Польшчы ў інтэрнэце” адбываецца пошук такіх выразаў як „польскі канцлягер”, „польскі лягер сьмерці”, „польскае гета” й г.д. Найчасьцей фальшывыя фармулёўкі ўжываюцца ў артыкулах і выказваньнях на нямецкай і ангельскай мовах.

IAR/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт