Logo Polskiego Radia
Print

„Fitch Ratings”: Якасьць актываў у банках Беларусі пагаршаецца

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 09.10.2016 10:42
Беларускія банкі ў высокай ступені адчувальныя да нэгатыўных тэндэнцый.
Photo: Gideon Benari/flickr.com

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва „Fitch Ratings” адзначае, што вынікі аналізу якасьці актываў, апублікаваныя Нацбанкам Беларусі ў мінулым месяцы, пацьвярджаюць, што пры стрэсавым сцэнары паказчыкі дастатковасьці капіталу многіх банкаў краіны зьніжаюцца да слабых узроўняў.

Дастатковасьць капіталу ўяўляе сабой адзін з найбольш важных паказчыкаў надзейнасьці банка, які адлюстроўвае яго здольнасьць ліквідаваць магчымыя фінансавыя страты за кошт уласных крыніц, не на шкоду кліентам.

Як адзначаецца ў камэнтары „Fitch Ratings”, беларускія банкі ў высокай ступені адчувальныя да нэгатыўных тэндэнцый апэрацыйнага асяродзьдзя, такіх як запаволеньне эканомікі й слабасьць абменнага курсу.

У „Fitch Ratings” адзначаюць, што „Беларусбанк”, найбуйнейшы банк краіны, на які прыпадае 41% актываў сэктара, прадэманстраваў досыць добрыя вынікі ў рамках аналізу якасьці актываў Нацыянальным банкам. Пры стрэсавым сцэнары яго паказчык дастатковасьці капіталу скараціўся толькі ўмерана, да 17,5%, у параўнаньні з 18,8% згодна са справаздачнасьцю на канец ліпеня.

Агенцтва таксама канстатуе, што паказчыкі дастатковасьці капіталу двух дзяржаўных банкаў, „Белінвэстбанка” й „Белаграпрамбанка”, на долю якіх прыпадае 21% актываў сэктара, і „Альфа-Банка”, які мае расейскага ўладальніка (2% актываў сэктара), зьніжаюцца ніжэй за нарматыўныя ўзроўні пры стрэсавым сцэнары.

„Fitch Ratings” лічыць гэты першапачатковы аналіз важным крокам для забесьпячэньня прыняцьця рэгулятарам падыходу, нацэленага на пэрспэктыву, пры ажыцьцяўленьні нагляду за банкаўскім сэктарам.

Нагадаем, па ініцыятыве Нацыянальнага банка Беларусі й МВФ сёлета праводзілася ацэнка якасьці актываў дзевяці найбуйнейшых банкаў краіны.

belapan.com/аз


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт