Антоніу Гутэрыш намінаваны на пасаду Генсакратара ААН
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
07.10.2016 17:07
Кандыдатуру былога прэм'ер-міністра Партугаліі падтрымалі ўсе 15 членаў Рады бясьпекі ААН.
PAP/EPA/SALVATORE DI NOLFI
У чацьвер Рада бясьпекі ААН афіцыйна вылучыла былога прэм'ер-міністра Партугаліі, 67-гадовага Антоніу Гутэрыша на пасаду Генэральнага сакратара ААН. Пра гэта паведамілі дыпляматычныя крыніцы ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Кандыдатуру партугальца падтрымалі ўсе 15 членаў Рады бясьпекі ААН.
1 студзеня 2017 году былы кіраўнік ураду Партугаліі заменіць на пасадзе Генсакратара ААН Пан Гі Муна з Паўднёвай Карэі.
Цяпер Рада бясьпекі ААН павінна рэкамэндаваць кандыдатуру Гутэрыша Генэральнай асамблеі ААН, якая шляхам рэзалюцыі прызначыць новага кіраўніка Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
Генэральная асамблея ААН, верагодна, сустрэнецца з гэтай мэтай на наступным тыдні.
Антоніу Гутэрыш быў прэм'ерам Партугаліі ў 1995-2002 гадах, лідарам Партугальскай сацыялістычнай партыі й былым кіраўніком Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў. Ён зьяўляецца прыхільнікам рэформы Рады бясьпекі ААН з мэтай павелічэньня эфэктыўнасьці працы арганізацыі.
Цяперашні Генэральны сакратар ААН, 72-гадовы Пан Гі Мун, сыходзіць з пасады 31 сьнежня 2016 году, пасьля двух пяцігадовых тэрмінаў паўнамоцтваў.
аз