Logo Polskiego Radia
Print

«Галяндыя зробіць усё, каб прыцягнуць тых, хто зьбіў «Боінг», да адказнасьці»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 04.10.2016 17:14
  • Галяндыя зробіць усё, каб прыцягнуць тых, хто зьбіў «Боінг», да адказнасьці.mp3
Цяпер незалежная камісія высьвятляе канкрэтных адказных за катастрофу – заявіў у Варшаве міністар замежных справаў Нідэрляндаў
Міністар замежных справаў Галяндыі Бэрт Кундэрс на сустрэчы ў Варшаўскім унівэрсытэце, 2016. Міністар замежных справаў Галяндыі Бэрт Кундэрс на сустрэчы ў Варшаўскім унівэрсытэце, 2016. Aliaksandr Papko/radyjo.net

Урад Галяндыі не зьбіраецца ўмешвацца ў сьледзтва па справе зьбітага над над Данбасам пасажырскага лайнэра, аднак пасьля таго, як віноўнікі будуць ідэнтыфікаваныя, Галяндыя зробіць усё, каб прыцягнуць гэтых людзей да адказнасьці. Пра гэта ў Варшаве заявіў міністар замежных справаў Галяндыі Бэрт Кундэрс (Bert Koenders). Шэф галяндзкай дыпляматыі прыехаў у польскую сталіцу на штогадовыя кансультацыі па пытаньнях міжнароднай палітыкі. У сьценах Варшаўскага ўнівэрсытэту Бэрт Кундэрс прыняў удзел у дыскусіі «Сучасныя выклікі і будучыня Эўрапейскага зьвязу» і прадставіў публіцы погляды Галяндыі на далейшае разьвіцьцё Эўразьвязу і NATO, а таксама на палітыку ў стасунку да Расеі.

28 верасьня Сумесная сьледчая група, у якою ўваходзяць экспэрты з Галяндыі, Малайзіі, Аўстраліі, Бэльгіі і Ўкраіны, апублікавала папярэдні даклад па расьсьледаваньні крушэньня пасажырскага Боінга, зьбітага ў 2014 годзе над Данбасам. Камісія высьветліла, што самалёт быў зьбіты ракетным комплексам, які прывезьлі з Расеі і эвакуявалі на расейскую тэрыторыю.

Галяндыя зробіць усё, каб прыцягнуць віноўнікаў трагедыі да адказнасьці, аднак толькі пасьля таго, як незалежнае сьледзтва вызначыць канкрэтных людзей, якія справакавалі катастрофу – заявіў Польскаму радыё Бэрт Кундэрс.

Бэрт Кундэрс: Самая важная рэч, калі здараецца такая трагедыя – гэта высьветліць факты. Незалежна, аб’ектыўна, не палітызуючы справы. Трэба высьветліць, хто за гэта адказны. А затым зрабіць усё, нават на міжнароднай арэне, каб прыцягнуць гэтых людзей да адказнасьці. Сумесная сьледчая група – гэта група сьледчых з Галяндыі і чатырох іншых краінаў, створаная згодна з прынцыпамі ICAO – займаецца гэтым. Некалькі дзён таму яны апублікавалі папярэднюю справаздачу, якая пакуль не ўскладае віну на канкрэтных людзей. Група высьветліла, што самалёт быў зьбіты ракетай комплексу «Бук», які перавезьлі празь мяжу Расеі і Ўкраіны. У сувязі з дакладам, я выклікаў на размову амбасадара Расейскай Фэдэрацыі. Аднак я зрабіў гэта не для таго, каб ускласьці віну. Гэтае пытаньне будзе высьветлена пазьней. Для гэтага ёсьць незалежныя судовыя ўстановы. І самае галоўнае цяпер – не падважыць галаслоўнымі абвінавачаньнямі ці прапагандай аб’ектыўнасьці сьледзтва.

Галоўнай тэмай дыскусіі з удзелам Бэрта Кундэрса стала будучыня Эўрапейскага зьвязу пасьля «Брэксіту». Упершыню за 60 гадоў эўрапейскай інтэграцыі краіна вырашыла выйсьці з аб’яднанай Эўропы – зазначыў міністар замежных справаў Галяндыі. Цяпер цэнтар цяжкасьці ў Эўропе перамесьціцца ў бок тых дзяржаваў, які хочуць больш моцнага аб’янаньня. Аднак ператвараць Эўразьвяз у больш цесную фэдэрацыю цяпер было б няправільна – лічыць Бэрт Кундэрс.

Бэрт Кундэрс: «Брэксіт» – гэта велізарная страта для Эўразьвязу – як з пункту гледжаньня эканомікі, так і з пункту гледжаньня ваеннай і ўнутранай бясьпекі. Таксама ён аслабляе Эўропу ў міжнародных гандлёвых перамовах. «Брэксіт» – гэта папярэджаньне для ўсіх нас і заклік да дзеяньня, бо прычыны, якія выклікалі выхад Вялікабрытаніі з Эўразьвязу, існуюць і ў іншых краінах. Я ня думаю, што выхад Брытаніі з Эўразьвязу падштурхне эўрапейскія краіны да стварэньня «фэдэратыўнай дзяржавы». Думаю, вялікія розьніцы паміж нашымі краінамі захаваюцца. Зьмяніць дамову аб Эўразьвязе і зрабіць велізарны скачок у кірунку фэдэрацыі сёньня было б памылкай – як памылкай для кожнай дзяржавы было б узяць прыклад зь Вялікабрытаніі ды пакінуць Эўрапейскі зьвяз.

У красавіку гэтага году галяндцы на рэфэрэндуме выказаліся супраць падпісаньня дамовы аб асацыяцыі з Украінай. Вынікі рэфэрэндуму прымусілі галяндзкі ўрад узнавіць перамовы з партнэрамі па Эўразьвязе, аднак інтэграцыя Ўкраіны ў эўрапейскія структуры ня будзе заблякаваная – лічыць Бэрт Кундэрс.

Бэрт Кундэрс: Вынікі рэфэрэндуму сталі расчараваньнем для мяне й маёй палітычнай партыі. Я вельмі падтрымліваў падпісаньне гэтай дамовы. Аднак рэфэрэндум меў толькі кансультацыйны характар. Мы павінныя паважаць вынікі рэфэрэндуму, паколькі гэта інструмэнт дэмакратыі. Таму мы цяпер вядзем перамовы з нашымі эўрапейскімі партнэрамі. Мы зьвяртаем іх увагу на тыя аспэкты дамовы аб асацыяцыі, якія выклікалі крытыку галяндзкіх выбарцаў. Мы стараемся знайсьці супольнае рашэньне, і я ўпэўнены, што мы яго знойдзем на працягу бліжэйшых тыдняў.

Галяндыя падтрымлівае разьмяшчэньне міжнароднага кантынгенту NATO ў краінах Балтыі й Польшчы. Паўночнаатлянтычны альянс разьмяшчае 4 міжнародныя батальёны ля межаў з Расеяй не для таго, каб справакаваць канфлікт з Расеяй, а наадварот, каб прадухіліць яго – падкрэсьліў міністар замежных справаў Галяндыі.

Бэрт Кундэрс: Мы падкрэсьліваем, што гатовыя абараняць краіны Паўночнаатлянтычнага альянсу. І гэтым мы не парушаем ранейшых дамоваў з Расейскай Фэдэрацыяй. У адносінах да Расеі мы прымяняем палітыку двух падыходаў – з аднаго боку, мы дэманструем сілу, а зь іншага – працягваем руку. Краіне, якая мае схільнасьць да вядзеньня гібрыднай вайны, варта паказаць, што мы гатовыя абараняць сваю тэрыторыю. Аднак гэта не азначае, што з Расеяй ня трэба размаўляць і весьці перамовы па пытаньнях міжнароднай бясьпекі. Вельмі нялёгка дэманстраваць сілу і прапанаваць дыялёг адначасова, аднак я лічу, што гэта адзіная магчымая палітыка. Таму я падтрымліваю рашэньні нядаўніх самітаў NATO, і галяндзкія вайскоўцы ўдзельнічаюць у іх рэалізацыі. Яны будуць узмацняць абарону краінаў Балтыі.

Дзеяньні Эўразьвязу і NATO скіраваныя супраць расейскага кіраўніцтва, а не супраць расейскага народу – падкрэсьліў міністар замежных справаў Галяндыі. «Я ніколі не падтрымліваў спыненьня студэнцкіх абменаў, кантактаў культурных дзеячаў і спартоўцаў. Пазыцыя расейскага кіраўніцтва – гэта не пазыцыя расейскага народу. Цяпер кіраўнікі нашых дзяржаваў размаўляюць менш, чым у часы Халоднай вайны. Менавіта таму я заклікаю ня толькі дэманстраваць сілу, але й весьці крытычны дыялёг», – заявіў Бэрт Кундэрс.

Аляксандар Пако

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт