Археолягі знайшлі пад Грунвальдам 150 артэфактаў (ФОТА)
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
17.09.2016 17:08
Найбольш каштоўнай знаходкай навукоўцы лічаць шпільку, пры дапамозе якой рыцары зашпільвалі плашч.
На полі каля вёскі Грунвальд, дзе ў 1410 годзе адбылася славутая бітва, закончыліся археалягічныя раскопкі. Навукоўцы знайшлі амаль 150 артэфактаў. Мэтай дасьледаваньняў было ўсталяваньне дакладнага месцазнаходжаньня лягера крыжакоў.
Удзел у археалягічным мерапрыемстве прымала больш за 50 археолягаў з Даніі, Нарвэгіі, Вялікабрытаніі й Польшчы. Падчас працаў яны карысталіся дасягненьнямі сучаснай тэхнікі, напрыклад, мэталашукальнікамі. Сярод знойдзеных прадметаў – элемэнты стрэлаў і арбалетаў, брані, халодная зброя ды манэты, у тым ліку вельмі рэдкі ягелёнскі дынарый.
Найбольш каштоўнай знаходкай навукоўцы лічаць шпільку, пры дапамозе якой рыцары зашпільвалі плашч. Археолягі лічаць, што гэта крыжацкая шпілька, паколькі на ёй ёсьць напіс «Ave Maria». Нагадаем, поўная назва ордэну крыжакоў гучыць так: Ордэн тэўтонскіх рыцараў шпіталя сьвятой Марыі ў Іерусаліме.
Раскопкі каля вёскі Грунвальд праходзяць з 2014 года. Да гэтага часу археолягі дакладна абсьледавалі тэрыторыю плошчай у 100 га. Усе артэфакты трапляюць у фонды мясцовага Грунвальдзкага музэя.
вс
фота: PAP/Tomasz Waszczuk