Грашовыя даходы беларусаў працягваюць зьніжацца
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
17.09.2016 10:05
За першыя сем месяцаў 2016-га яны зьнізіліся на 7% у параўнаньні з аналягічным паказчыкам мінулага года.
Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Грашовыя даходы беларусаў працягваюць зьніжацца. Як сьведчаць дадзеныя Белстата, за першыя сем месяцаў 2016-га яны зьнізіліся на 7% у параўнаньні з аналягічным паказчыкам мінулага года. Гэта самае значнае падзеньне са студзеня 2015 года.
У студзені 2016 года зьніжэньне склала 5,4% да студзеня 2015 года, у студзені-лютым – 6,4%, студзені-сакавіку – 6,5%, студзені-красавіку – 6,8%.
За сем месяцаў у агульным абʼёме грашовых даходаў аплата працы займае 61,7%, даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасьці, якая прыносіць даход, – 8,2%, трансфэрты насельніцтву (пэнсіі, дапамогі, стыпэндыі й іншыя трансфэрты насельніцтву) – 24,1%, даходы ад уласнасьці й іншыя даходы – 6%.
На думку экспэртаў, рост даходаў насельніцтва ў 2016-2020 гадах будзе вельмі сьціплым. Дырэктар Дасьледчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык мяркуе, што эканоміка будзе расьці на лічаныя працэнты. «Ніякіх рэсурсаў, каб павышаць даходы насельніцтва больш хуткімі тэмпамі, у дзяржавы сёньня (ва ўмовах значных выплат па ўнутраных і зьнешніх даўгах) няма», – заўважае экспэрт.
Між тым Мінэканомікі чакала, што рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва ў першым квартале 2016 года зьнізяцца на 1,5% да адпаведнага пэрыяду 2015 года, а ў першым паўгодзьдзі будуць на леташнім узроўні. Пры гэтым паводле вынікаў дзевяці месяцаў вырастуць на 0,1%, паводле вынікаў 2016 года – на 0,5%.
белапан/эўрадыё/вс