IPC расьсьледуе інцыдэнт на адкрыцьці Паралімпіяды 
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Anna Zadrożna
                        
                        08.09.2016 10:28
                    
                                 
                
                
                    Падчас адкрыцьця Паралімпіяды ў Рыё беларуская дэлегацыя выйшла са сьцягам Расеі.
                
                
                    
                        
PAP/EPA/JENS BUTTNER
                     
                
                
                
               
                
                          Міжнародны паралімпійскі камітэт (International Paralympic Committee, IPC) пачаў расьсьледаваньне інцыдэнту на адкрыцьці Паралімпіяды ў Рыё-дэ-Жанэйра, падчас якога беларуская дэлегацыя выйшла з расейскім сьцягам.
Расейскі сьцяг на парадзе зборных нёс адзін з удзельнікаў беларускай дэлегацыі. Мужчына здолеў прайсьці чвэрць стадыёна, перш чым у яго адабралі сьцяг.
Раней кіраўнік Беларускага паралімпійскага камітэта Алег Шэпель назваў адхіленьне расейскай зборнай ад спаборніцтваў у Рыё самым няправільным крокам за ўсю гісторыю паралімпійскага руху. Ён паабяцаў, што дэлегацыя Беларусі акрамя нацыянальнага сьцяга мае намер несьці й расейскі. Міжнародны паралімпійскі камітэт прыгразіў атлетам, якія зьбіраліся пранесьці сьцяг Расеі, „пэўнымі мерамі”. У адказ Шэпель паправіўся, што беларуская зборная будзе несьці толькі сьцяг сваёй краіны, а расейскі трыкалёр паабяцаў узяць з сабой на трыбуну.
Журналіст „Press Association” паведаміў, што Міжнародны паралімпійскі камітэт ужо высьветліў асобу парушальніка, аднак пакуль невядома, якія санкцыі пагражаюць спартсмэну.
Міжнародны паралімпійскі камітэт адхіліў расейскіх спартоўцаў ад Гульняў 7 жніўня. Прычынай дыскваліфікацыі сталі высновы незалежнай камісіі Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва, якое  абвінаваціла Расею ў „дзяржаўнай допінг-сыстэме”, у якую нібыта ўваходзілі й паралімпійцы.
РИА Новости/belapan.com/аз