Прэм’ер Украіны запрасіў Бэату Шыдла ў Кіеў
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
07.09.2016 16:15
„Мы адчуваем вашую салідарнасьць і высока яе цэнім”, - сказаў Уладзімер Гройсман.
Photo:PAP/Darek Delmanowicz
Прэм'ер-міністар Украіны запрасіў кіраўнічку польскага ўраду ў Кіеў. Уладзімер Гройсман сустрэўся з Бэатай Шыдла пры нагодзе Эканамічнага форуму, які праходзіць у Крыніцы-Здруй на поўдні Польшчы.
Падчас прэс-канфэрэнцыі Гройсман падкрэсьліў, што Ўкраіна хоча быць эўрапейскай і дэмакратычнай дзяржавай. Ён дадаў, што ў гэтым аспэкце Польшчa мае для Ўкраіны стратэгічнае значэньне.
Уладзімер Гройсман: Мы будзем працягваць эканамічнае супрацоўніцтва ў галіне абароны, энэргетыкі й транспамежных кантактаў. Адначасова мы павінны асьцярожна падыходзіць да гістарычных пытаньняў.
Прэм'ер Украіны таксама падзякаваў Польшчы за салідарнасьць у канфлікце на ўсходзе краіны й падтрымку эўрапейскіх памкненьняў Украіны.
„Мы адчуваем вашую салідарнасьць і высока яе цэнім”, - сказаў Уладзімер Гройсман.
У сваю чаргу прэм’ер Бэата Шыдла падкрэсьліла, што свабодная й незалежная Ўкраіна – гэта гарантыя бясьпекі ва ўсёй Эўропе.
аз