Нядаўні саміт NATO ў Варшаве замацаваў зьмены ў стратэгіі Альянсу, якія намеціліся два гады таму падчас сустрэчы ва Ўэльсе. Пасьля таго, як Расея анэксавала Крым, Паўночнаатлянтычны альянс перайшоў да цьвёрдых абаронных дзеяньняў, мэта якіх – адахвоціць Крэмль ад агрэсіўных крокаў супраць сябраў NATO. У Польшчы ды краінах Балтыі неўзабаве будуць разьмешчаныя чатыры міжнародныя батальённа-тактычныя групы Аднак наколькі 4 тысячы жаўнераў у стане супрацьстаяць расейскім дывізіям? І якое месца ў стратэгіі NATO займае Беларусь – гэта нэўтральная краіна ці вораг? Рашэньні Варшаўскага саміту NATO камэнтуе экспэрт Польскага інстытуту міжнародных справаў Артур Кацпшык.
На саміце ў Варшаве было прынятае рашэньне разьмясьціць міжнародныя сілы Альянсу ў Балтыі й Польшчы. Ці чатыры батальёны памерам у 1000 чалавек кожны здольныя супрацьстаяць расейскім дывізіям у выпадку канфлікту?
А. Кацпшык: Самі па сабе чатыры батальёны ня ў стане абараніць краінаў Балтыі ці Польшчы. Аднак яны зьяўляюцца часткай шырэйшай канцэпцыі. Міжнародныя сілы будуць супрацоўнічаць з арміямі краінаў, у якіх яны будуць разьмяшчацца. Акрамя таго, у Польшчы плянуецца разьмясьціць штаб бранятанкавай брыгады ЗША. Хутчэй за ўсё ў нас будуць знаходзіцца асноўныя сілы гэтай брыгады – каля 1000 чалавек. Батальённа-тактычныя групы NATO, брыгада ЗША, якая будзе разьмяшчацца ў Польшчы на падставе двухбаковай дамовы, і нацыянальныя ўзброеныя сілы ў выпадку канфлікту прымуць на сябе першы ўдар. Ім на выручку прыйдуць значна шырэйшыя сілы з краінаў Заходняй Эўропы й ЗША. Такім чынам, чатыры батальёны павінны паказаць Крамлю, што любая агрэсія выкліча рэакцыю ўсяго NATO, акрамя іх будуць задзейнічаныя нацыянальныя сілы і брыгада ЗША, а самым галоўным элемэнтам абароны зьяўляюцца сілы дапамогі NATO.
Расейскія і некаторыя беларускія дзяржаўныя СМІ сьцьвярджаюць, што чатыры батальённа-тактычныя групы NATO ў краінах Балтыі й Польшчы ствараюць прамую пагрозу Расеі, што ратацыйнае разьмяшчэньне – гэта хітры спосаб абыйсьці дамоўленасьці Асноватворнага акту Расея-NATO 1997 года. Ці праўда гэта?
А. Кацпшык: Калі мы проста параўнаем лічбы, то зразумеем, што ні пра якую пагрозу гаворкі не ідзе. Сілы NATO – гэта 4 тысячы жаўнераў. Яшчэ да таго, як рашэньне пра іх разьмяшчэньне было прынятае, Расея заявіла, што створыць дзьве новыя дывізіі ў Заходняй вайсковай акрузе і адну – у Паўднёвай. Дывізія – гэта каля 10 тысячаў жаўнераў. Так што зьмена патэнцыялу непараўнальная. На аднаго жаўнера NATO прыходзіцца каля 10 расейскіх. Падчас вучэньняў, пра якія войскі загадзя не інфармавалі, расейскае кіраўніцтва паказала, што на працягу некалькіх дзён можа мабілізаваць да 100 тысячаў жаўнераў.
Калі казаць пра Асноватворны акт Расея-NATO, то менавіта расейскае кіраўніцтва шмат разоў парушыла яго – нападаючы на Украіну, займаючы Крым, парушаючы паветраную прастору краінаў NATO. Расея спасылаецца на тое, што Альянс не выканаў абяцаньня не разьмяшчаць у рэгіёне «істотных баявых сілаў» на пастаяннай аснове. Аднак гэтае абяцаньне ясна адносілася да тагачаснай сытуацыі ў сфэры бясьпекі, якая вельмі моцна зьмянілася з 1997 году. Па-другое, у дакумэнце ідзе гаворка пра «істотныя баявыя сілы». Разьмяшчэньне 4 тысячаў жаўнераў, у параўнаньні з тым, што мае Расея, не зьяўляецца парушэньнем Асноватворнага акту. Ратацыйнае разьмяшчэньне было выбранае ў тым ліку з эканамічных прычынаў. Гэта таньней, чым будаваць пастаянную інфраструктуру. Так што дзеяньні Альянсу не парушаюць міжнароднага права, у тым ліку Асноватворнага акту Расея- NATO.
Ці мае Альянс дастаткова сілаў і тэхнічных магчымасьцяў, каб у выпадку неабходнасьці перакінуць падмацаваньні да ўсходніх межаў?
А. Кацпшык: Для гэтага патрэбныя дадатковыя намаганьні. Некаторыя крокі у гэтым накірунку ўжо робяцца. На саміце NATO ва Ўэльсе было вырашана стварыць перадавы атрад хуткага рэагаваньня. Гэта падразьдзяленьне колькасьцю 5 тысячаў чалавек, якое можа быць разгорнута на працягу 5-7 дзён. Адзін батальён гэтага падразьдзяленьня можа быць у любой кропцы ўжо праз 2 дні. Сілы хуткага рэагаваньня NATO, у якія ўваходзіць перадавы атрад, былі павялічаныя да 40 тысячаў чалавек. Яны могуць быць разьмешчаныя на працягу 30-45 дзён. Калі мы параўнаем здольнасьць Расеі да мабілізацыі некалькіх дзесяткаў тысячаў жаўнераў на працягу некалькіх дзён са здольнасьцямі NATO, то ўбачым, што Альянс моцна адстае.
Ключавой праблемай таксама зьяўляецца нэўтралізацыя расейскіх сыстэмаў, якія б маглі зрабіць немагчымай дастаўку войскаў у рэгіён. Гаворка ідзе пра расейскія супрацькарабельныя й супрацьпаветраныя сыстэмы, а таксама тактычныя ракеты «Іскандэр», разьмешчаныя, напрыклад, у Калінінградзе. Тут Альянс павінен зрабіць яшчэ вельмі шмат.
Што стратэгія NATO кажа пра Беларусь? Беларусь разглядаецца як нэўтральная краіна ці як безумоўны саюзьнік Расеі й магчымая пагроза?
А. Кацпшык: У публічнай дыскусіі вакол стасункаў паміж NATO й Расеяй, наконт узмацненьня ўсходняга флянгу NATO, Беларусь не прыгадваецца. Аднак яна мае дачыненьне да так званай праблемы Сувальскага калідору. Гэта вузкая палоска зямлі, якая знаходзіцца паміж Калінінградзкай вобласьцю й беларускай мяжой і зьяўляецца адзіным спалучэньнем краінаў Балтыі зь іншымі краінамі Альянсу. Экспэрты краінаў Балтыі, а таксама вышэйшыя афіцэры арміі ЗША выказваюць трывогу, што ў выпадку канфлікту расейскі наступ з боку Калінінграду ў кірунку беларускай мяжы можа зачыніць гэты калідор. Гэта можа мець трагічныя наступствы для балтыйскіх краінаў. Пра Беларусь не гаворыцца ў адкрытую, але прызнаецца роля Беларусі як дзяржавы, чыя тэрыторыя можа быць выкарыстаная Расеяй для такога ўдару.
Размаўляў Аляксандар Папко