Папа рымскі Францішак запрасіў на абед маладых людзей (ФОТА)
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
30.07.2016 16:39
Падчас абеду гутарка ішла пра музыку, любімыя стравы, а таксама пра ўражаньні Папы ад знаходжаньня ў Польшчы.
Папа рымскі Францішак, які чацьвёрты дзень знаходзіцца ў Польшчы на Сусьветных днях моладзі (СДМ), сёньня запрасіў на абед маладых людзей. Абед быў пададзены ў кракаўскім Палацы арцыбіскупаў, а ў ім прынялі ўдзел 12 маладых людзей з розных краін: па аднаму хлопцу й адной дзяўчыне з кожнага кантынэнту ды хлопцу й дзяўчыне з Польшчы, якая прымае СДМ.
Маладыя людзі, якія прысутнічалі на абедзе, пасьля яго сказалі журналістам, што падчас спажываньня ежы з Папам маглі яму задаваць любыя пытаньні. Пры гэтым пантыфік ахвотна на іх адказваў. На пытаньне, што ён адчуў, калі быў выбраны Папам рымскім, Францішак адказаў, што спакой, і падкрэсьліў, што спакой адчувае па сёньняшні дзень.
Моладзь размаўляла з Францішкам ня толькі па тэмы рэлігіі й веры, але й таксама закранала пытаньні штодзённага жыцьця. Напрыклад, гутарка ішла пра музыку, любімыя стравы, а таксама пра ўражаньні Папы ад знаходжаньня ў Польшчы.
вс
фота: PAP/EPA/OSSERVATORE ROMANO/HANDOUT