Пачаўся збор подпісаў за рэабілітацыю Ларысы Геніюш
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
12.07.2016 16:33
Актывісты жадаюць аднаўленьня добрага імя паэткі і ўключэньня яе твораў у школьную праграму.
nn.by
Моладзь БНФ вядзе кампанію за рэабілітацыю беларускай паэткі Ларысы Геніюш – паведамляе «Радыё Свабода». Кампанія стартавала 5 ліпеня. Раніцай 11 ліпеня было сабрана каля 200 подпісаў.
Як паведамляецца на старонцы кампаніі «Укантакце», свой подпіс можна паставіць на пікетах у Менску, на офісе Партыі БНФ, у Гомелі, Берасьці, Воршы і Магілёве. Усе навіны кампаніі будуць публікавацца пад хэштэгам #Геніюш2016.
Моладзь БНФ плянуе ладзіць пікеты, вечарыны памяці, літаратурныя чытаньні, паездкі на радзіму паэткі. Актывісты таксама плянуюць дамагчыся ўключэньня твораў Ларысы Геніюш у школьную праграму, стварэньня помніка й перайменаваньня вуліцы ў гонар паэткі.
Ларыса Геніюш (1910-1983) – беларуская паэтка, пісьменьніца, дзяячка нацыянальнага руху. У 1949 годзе савецкія ўлады асудзілі Ларысу Геніюш на 25 гадоў лягераў. У 1956 годзе паэтка выйшла на волю, аднак судзімасьць за «контррэвалюцыйную дзейнасьць» улады зь яе ніколі не зьнялі. Доўгі час творчасьць Ларысы Геніюш была пад забаронай.
ап